Мытня Беларусі забараніла транзыт па тэрыторыі краіны калінінградзскіх фураў, якія ідуць паражняком на пагрузку ў Расею.
Пра гэта агенцтву REGNUM паведамілі калінінградзкія бізнэсоўцы, якія займаюцца грузаперавозкамі.
Паводле прадпрымальніка Дзьмітрыя Бачарова, сёньня ўначы на беларускім пункце пропуску Катлоўка (літоўска-беларускі ўчастак мяжы) мытнікі разгарнулі цягач з прычэпам, які ідзе ў Маскву на загрузку.
«Ужо некалькі гадоў нашы грузавікі, размытненыя «на вобласьць», маюць права накіроўвацца на асноўную частку Расейскай Фэдэрацыі на падставе часовых дазволаў, якія выдаюцца Калінінградзскай абласной мытняй, — удакладніў суразмоўца. — Усё гэта ўзгадняецца з законам аб асаблівай эканамічнай зоне Калінінградзкай вобласьці. Аднак сёньня ўначы кіроўцу паказалі ліст, падпісаны в.а. старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Сянько, у якім сказана, што «пры прыбыцьці ў пункты пропуску парожніх транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Калінінградзкай вобласці РФ, у пасьведчаньнях аб рэгістрацыі якіх маюцца адзнакі пра абмежаваньні па выкарыстаньні за межамі Калінінградзкай вобласьці, службовым асобам мытняў загадана адмаўляць у завяршэньні часовага вывазу такіх транспартных сродкаў і не дапускаць іх увоз на мытную тэрыторыю Эўразійскага эканамічнай зьвязу».
У адказ на патрабаваньне кіроўцы калінінградзкай фуры пісьмовага тлумачэньня сытуацыі, беларускія мытнікі напісалі «тлумачальную» проста на дакумэнце, які быў выдадзены расейскай мытняй.
Калінінградзкія прадпрымальнікі лічаць, што дзеяньні беларускай мытні ствараюць перадумовы для «насьпяваньня глябальнага каляпсу».