Выйсьці ў ноч на гэлаўін з партрэтамі расстраляных беларускіх дзеячоў прапануе мастак Максім Осіпаў. Праз такі флэшмоб, як ён лічыць, удасца прыцягнуць увагу моладзі да сталінскіх рэпрэсій.
У сваім профілі ў фэйсбуку Осіпаў выступіў зь ідэяй ажывіць мёртвых паэтаў, празаікаў і літаратурных крытыкаў, якія былі забітыя 29 кастрычніка 1937 года. Для гэтага ён прапануе вырабіць звычайны зомбі-макіяж і раздрукаваць да яго старонку зь імем аднаго з забітых дзеячоў.
Гатовыя для раздрукоўкі файлы зь імёнамі беларускіх паэтаў, празаікаў і літаратуразнаўцаў Осіпаў сам падрыхтаваў і выклаў онлайн.
Такім чынам інфармацыя пра сталінскія рэпрэсіі можа дайсьці і да моладзі, лічыць мастак. Чаму ён вырашыў сумясьціць гэлаўін і дзень памяці рэпрэсаваных, ён распавёў Свабодзе
«Па-першае — я не лічу гэлаўін „заходнім“ сьвятам. З аднога боку — яно мае агульныя карані с нашымі Дзядамі, зь іншага — гэта сусьветнае сьвята. Па-другое, я ня тое, каб хацеў сумясьціць дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і гэлаўін. Я разумею, что інфармацыя пра дзень памяці распаўсюджваецца сярод даволі вузкай часткі грамадзтва, і мая прапанова — гэта хутчэй сумяшчэньне традыцыйнага для нашай краіны узроўню сьвяткаваньня гэлаўіна і грамадзкай акцыі».
Сам ён будзе таксама ўдзельнічаць у гэтай акцыі. Учора ён ужо правёў рэпэтыцыю, і рэакцыя мінакоў была такой, як ён і чакаў.
«Я разумею, што камусьці гэта падасца недапушчальным, — кажа Осіпаў. — Аднак калі мая ідэя зачэпіць людзей, да якіх гэтая інфармацыя раней не заходзіла — я гатовы да абвінавачаньняў у парушэньні этыкі і маралі» .