Міністэрства замежных справаў Беларусі пацьвярджае, што на борце самалёта рэйсу «Шарм-эш-Шэйх — Санкт-Пецярбург», які разьбіўся ў небе над Эгіптам, мог быць беларус. Як паведаміла газэта Наша Ніва, гэта 28-гадовы Раман Серадзінскі.
Мяркуючы па інфармацыі ў сацыяльных сетках, хлопец нарадзіўся ў Клічаве (Магілёўская вобласьць), дзе і скончыў школу. Пасьля Раман вучыўся ў Магілёўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. У сярэдзіне 2000-х Раман зьехаў у Санкт-Пецярбург, дзе пераходзіў з працы на працу. На ягонай старонцы вКонтакце пазначана, што цяпер ён быў уладкаваны ў кампаніі «Аліянс».
Раман Серадзінскі заходзіў на сваю старонку Укантакце ўвечары 30 кастрычніка, за ноч да вылету. Тыдзень таму ён выставіў новы аватар — здымак з эгіпэцкага курорту.
Сваякі Рамана Серадзінскага сказалі Радыё Свабода, што ня могуць пацьвердзіць гібелі Рамана і спадзяюцца на лепшае. Жонка брата Рамана Серадзінскага Юліяна Елагіна распавяла Радыё Свабода, што маці Рамана яшчэ не паведамлялі пра магчымую гібель сына.
Кампэнсацыя сем'ям загінулых складзе каля $32 тысяч даляраў.