Камандзір экіпажу самалёта «Кагалымавія», што разьбіўся ў Эгіпце, пасьля вылету дакладваў пра тэхнічную няспраўнасьць і рабіў запыт на зьмену маршруту. Таксама ён цягам тыдня некалькі разоў скардзіўся на непаладкі з рухавіком.
Пра эта піша «РИА Новости» са спасылкай на крыніцу ў Шарм-эш-Шэйху.
Таксама стала вядома, што перад вылетам самалёт даглядалі не эгіпецкія інжынэры, а расейскія. Авіякампанія «Кагалымавія» мае свой тэхнічны пэрсанал, што абслугоўвае лётны парк.
Гэта ня першая здарэньне з самалётамі «Кагалымавія». У 2010 годзе ў аэрапорце Мэшхед у Іране адбылася грубая пасадка самалёту, у выніку якой было зламанае шасі і адарвана хваставое апярэньне. 40 чалавек атрымалі траўмы.
У 2011 на самалёце «Кагалымавія» ў аэрапорце Сургутау ўсчаўся пажар. Загінулі тры пасажыры.
Самалёт Airbus авіякампаіі «Кагалымавія» выконваў рэйс Шарм-эш-Шэйх — Санкт-Пецярбург раніцай 31 кастрычніка. Праз 23 хвіліны пасьля вылету з самалётам была згублена сувязь і ён зьнік з радараў. У хуткім часе было пацьверджана яго крушэньне на Сынайскай паўвысьпе ў Эгіпце. На борце знаходзіліся 200 дарослых пасажыраў, 17 дзяцей, 7 членаў экіпажу. Усе — грамадзяне Расеі. Прычынай авіякатастрофы папяэднне называюцца тэхнічныя няспраўнасьці. Вядома, што цягам тыдня пілот паведамляў пра непаладкі з рухавіком. Пасьля вылету ён таксама запытваў экстранную пасадку, але потым перастаў выходзіць на сувязь.