Дарагія гамельчукі! Зьвяртаюся да вас па дапамогу. Мы ўсе павінны аб’яднацца і стаць апірышчам і падтрымкай бацькам Героя Нябеснай сотні Украіны, нашага суайчыньніка Міхаіла Жызьнеўскага.
Ён сапраўдны Герой! Сын беларускага народа аддаў сваё маладое жыцьцё дзеля свабоды народа Ўкраіны, і я ўпэўнена, што на яго подзьвігу будуць выхоўвацца будучыя пакаленьні.
Успомнім нашых хлопцаў, што калісьці, у сярэдзіне 1930-х гадоў мінулага веку, перад пачаткам Другой сусьветнай вайны, ваявалі за свабоду далёкай ад нас Гішпаніі. Імі мы ганарыліся і ганарымся зараз: яны змагаліся з фашызмам. Колькі фільмаў, літаратурных твораў на гэту тэму кранулі сэрцы і нават лёсы людзей з усяго сьвету! Я ўпэўнена, што пройдзе час, і пра нашага Мішу будуць складаць песьні, напішуць кнігі і здымуць фільмы. Але так хочацца, каб дачакаліся гэтага бацькі Героя — Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч Жызьнеўскія.
Скажу, як думаю. Наша колішняе савецкае выхаваньне дагэтуль не адпускае нас, яшчэ нямала па-ранейшаму сьляпых і глухіх. Выхоўвалі нас, дзяцей, на прыкладзе Паўліка Марозава, вучылі любіць уладу, якой бы яна ні была. У Гомелі я заканчвала сярэднюю школу № 34 Чыгуначнага раёна, якая месьцілася ля Палескага пераезда, праз плот амаль у адным двары з прыгожай царквой. Цяпер там манастыр. Помню, як аднойчы на Вялікдзень да нас, чацьвёртаклясьнікаў, зьвярнулася настаўніца з загадам: «Вечарам усім надзець чырвоныя гальштукі, прыйсьці на вячэрнюю службу і глядзець, хто з бацькоў, старэйшых братоў і сясьцёр будзе ў царкве. Заўтра расказаць!»
Вядома, амаль усіхнія бацькі, і мая мама сярод іх, былі там. Сьвята ж якое! Мы, дзеці, былі зачараваны ўсім, што адбывалася ў храме. Раніцай не глядзелі адзін на аднаго, з хваляваньнем чакалі настаўніцу. Я сядзела, нізка апусьціўшы галаву на парту, а сэрца калацілася. Калі б пачула пытаньне настаўніцы да сябе, то проста разраўлася б. Ды, о Божачка, які цуд! Настаўніца нечакана кажа: «У нас зараз геаграфія. Што было зададзена? Валя Курчанская, да дошкі». Ня ведаю, як усё адбывалася ў тую раніцу ў іншых клясах — «выхаваўчае» ж заданьне атрымалі тады ўсе настаўнікі. Але, думаю, што і ў іншых хапіла розуму не рабіць той страшны допыт.
Адгортваю час назад, калі была ўжо ў 7-м клясе. 3–5 сакавіка, 1953 год. Пахаваньне Сталіна. На ўсіх дамах, над школай, у кожным класе сьцягі з чорнымі стужкамі. Заходзіць выкладніца па матэматыцы Н. Б. Цогліна. Убачыла сьцяг і загаласіла, а мы за ёй. Гэта быў нават ня плач, а роў галасоў, істэрычны роў. Відовішча было жахлівае...
Так што ж мы хочам ад нашых людзей, якія, тады яшчэ дзеці, зараз даўно ўжо не маладыя і выхоўваюць на свой манер унукаў і праўнукаў? Моцная была пры Саветах сыстэма выхаваньня любові да ўлады. Але калі раней сваю «выхаваўчую» працу выконвалі галоўным чынам настаўнікі і радыё, то цяпер у асноўным — расейскія і расейска-беларускія тэлеканалы. Няма больш моцнага сродку кадзіраваньня насельніцтва, чым афіцыйныя СМІ з адыёзнымі пісакамі і вядоўцамі.
У свой час ім прыйдзецца трымаць адказ за маральную шкоду, якую нанесьлі яны глядацкаму электарату. I тая жанчына, якая проста па-вар’яцку паставілася да Вас, дарагая Ніна Васільеўна Жызьнеўская, у лякарні, — яна ж глядзіць толькі «савецкае» тэлебачаньне, а «Народную Волю», безумоўна, не чытае. Чаго ж іншага ад яе і ёй падобных чакаць? Даруйце ёй, калі ласка, яна няшчасны чалавек, хаця гэтага сёньня не адчувае і не разумее. А Вы, паважаная Ніна Васільеўна, нягледзячы на незваротную і заўчасную згубу сына, — шчасьлівая маці: выгадавалі такога мужнага і сьветлага чалавека, які і па той бок жыцьця — з намі, з тымі, хто хоча міру, дабра і шчасьця Беларусі, Украіне і ўсяму сьвету.
Мой родны Гомель, гамельчукі! Ганарыцеся сваім земляком, сваім сынам! Можа, вы бачылі схопленыя камэрай кадры, калі ўпаў з куляй у сэрцы Міша Жызьнеўскі, — і тут жа быў сын армянскага народа Сяргей Нігаян. Па афіцыйных каналах гэтыя кадры, само сабою, не паказвалі. А калі бачыш — узьнікае такое моцнае і высокае пачуцьцё: не шкадуючы свайго жыцьця, два прыгожыя маладыя хлопцы розных нацыянальнасьцяў гінуць за волю другога народа. I гэта не кіно, не прыдумка, а трагічны пранізьлівы міг жыцьця — акт сапраўднага гераізму дзеля нас усіх. Гібель іх, якую мы шчыра аплакваем, не выпадковая і не дарэмная. На такіх жыцьцёвых прыкладах выхоўваецца пачуцьцё дружбы, узаемнасьці, дапамогі паміж народамі куды мацней, чым афіцыйнае заключэньне гучных дамоўленасьцяў аб розных міждзяржаўных саюзах.
Хачу зьвярнуцца і да супрацоўнікаў гомельскай міліцыі — як выдатнік Беларускай міліцыі, калісьці некаторым дзеячам мастацтва надавалі такія званьні. Ваш гонар і прамы абавязак — спыніць акты вандалізму адносна помніка Міхаілу Жызнеўскаму. Сваёй працай вы не раз даказвалі, што можаце раскрыць складаныя справы.
Паважаныя Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч, трымайцеся! Не хварэйце, будзьце мужныя, як Ваш сын. Вы павінны дажыць да тых шчасьлівых дзён, калі перад Вамі будуць расступацца людзі зь цёплымі, добразычлівымі ўсьмешкамі.
Мне вельмі знаёмае пачуцьцё, калі жывеш, а ўлада цябе ня бачыць. На жаль, чыноўнікі сустракаюцца і ня надта чуйныя. А яны павінны стварыць Вам лепшыя ўмовы жыцьця, улічваць Вашы патрэбы, прымацаваць да іншай лякарні. Вы гэта сапраўды заслужылі!
Дзякуй Вам за Вашага Мішу! Ведайце: беларускія грамадзяне-патрыёты падтрымліваюць Вас.
Нізка кланяюся Вам да зямлі.
Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі, «Народная воля»