Назіральніца выйшла на вуліцу з плякатам «У мяне ёсьць доказы, што выбары сфальшаваныя!»

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, назіральніца на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах Алена Луцковіч з райцэнтру Акцябрскі правяла 30 кастрычніка каля мясцовага рынку адзіночны пікет з плякатам: «У мяне ёсьць доказы, што выбары сфальшаваныя!»

Міліцыя затрымала былую назіральніцу. Начальнік аддзелу аховы грамадзкага парадку й прафіляктыкі правапарушэньняў РАУС Уладзімер Гапоненка склаў у дачыненьні да актывісткі адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет. Алену адразу ж даставілі ў суд. Але яна ня стала сьведчыць супраць сябе, і судзьдзя Васілевіч перанёс разгляд адміністрацыйнай справы на 3 лістапада, каб выклікаць у суд міліцыянтаў як сьведак пікету.

«Я выйшла на пікет, бо пракуратура не схацела разглядаць нашу заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць фальшаваньня выбараў. Спаслалася на тое, што, маўляў, мы з Андрэем Павуком позна прыслалі заяву. Мы былі назіральнікамі на ўчастку № 2. Паводле вынікаў галасаваньня, толькі на нашым участку за Тацяну Караткевіч прагаласавалі 226 выбарцаў, супраць усіх — 63. У нас захавалася копія пратаколу. Аднак раённая камісія паказала, што на ўсіх участках за Караткевіч прагаласавалі толькі 94 выбарцы, супраць усіх — 34. Яўная падтасоўка. Таму я й не магла зьмірыцца з фальшаваньнем», — апавяла Луцковіч.

З суду актывістка накіравалася ў Акцябрскі аддзел Сьледчага камітэту, дзе пакінула заяву аб фальшаваньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

«Заяву маю прынялі, апыталі ў якасьці сьведкі і запэўнілі, што будуць разьбірацца», — паведаміла былая назіральніца на прэзыдэнцкіх выбарах.​