У Менску ўзгадалі Дзень палітвязьня часоў СССР

Вячаслаў Сіўчык

У сядзібе партыі БНФ прайшла вечарына да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій і ў падтрымку беларускага дысыдэнта Сяргея Ханжанкова, які змагаецца з хваробай.

Вечарыну памяці і салідарнасьці арганізаваў рух салідарнасьці «Разам». Удзел у імпрэзе прынялі вядомыя грамадзкія актывісты, людзі, неабыякавыя да гісторыі Беларусі.

Лідэр руху Вячаслаў Сіўчык, які вёў вечарыну, падкрэсьліў, што гэтая акцыя ёсьць працягам Дня памяці ахвяраў палітрэпрэсій 29 кастрычніка.

«У савецкі час 30 кастрычніка быў Днём палітвязьня. Сяргей Ханжанкоў — наш беларускі палітычны вязень савецкіх часоў— яскравы прыклад, які разьвейвае міт пра тое, што ў савецкія часы ніхто не змагаўся з камунізмам. Ён стварыў антыкамуністычную арганізацыю, за што і адбыў у турме 10 гадоў. Гэтая вечарына — працяг акцыяў памяці і змаганьня, а таксама маральная і матэрыяльная падтрымка Сяргею Хажанкову».

Словы пашаны і павагі на адрас Сяргея Ханжанкова казаў Ільля Копыл, Ганна Шапуцька і іншыя. Патрыятычныя вершы сьпяваў Зьміцер Захарэвіч.

На завяршэньне ўдзельнікі вечарыны зрабілі грашовыя складкі для сям’і Ханжанкова.

Ільля Копыл

Зьміцер Захарэвіч