Паводле традыцыі грамадзкія актывісты аб’яжджаюць месцы масавых расстрэлаў у Менску. Удзел у акцыі памяці бяруць таксама паэт Сяргей Законьнікаў, кінарэжысэр Уладзімер Халіп, нашчадкі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Ушанаваньне памяці бязьвінна закатаваных суайчыньнікаў распачалося на Кальварыйскіх могілках Менску. Слова ўзяў кіраўнік руху Вячаслаў Сіўчык, які нагадаў, што тут, як і ў іншых месцах, няма помніка забітым, але тут ляжаць іх парэшткі. Таму сьвечкі і кветкі былі пастаўленыя на зямлю ў адным з магчымых месцаў пахаваньня.
Your browser doesn’t support HTML5
Акцыі памяці на Кальварыйскіх могілках спрабаваў перашкодзіць загадчык Сяргей Красноў. Ён выклікаў міліцыю і перашкаджаў актывістам ісьці на могілкі. Замест міліцыі зьявіліся супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным. Яны фільмавалі прысутных, а адзін зь іх выбіў фотакамэру з рук у аднаго з актывістаў.
Пасьля Кальварыі ўдзельнікі акцыі памяці ўсклалі кветкі на месцы яшчэ аднаго масавага забойства людзей — у былой вёсцы Цівалі. Тут слова браў Сяргей Законьнікаў, які расказаў пра забойствы.
Удзельнікі акцыі таксама прасьпявалі «Магутны Божа» на месцы расстрэлаў у Лошыцы.
Далей кветкі і сьвечкі ўскладуць у Трасьцянцы, на магіле Янкі Купалы, у парку Чалюскінцаў і ў Курапатах.