Урады краін Эўразьвязу 29 кастрычніка прыпынілі на чатыры месяцы дзеяньне санкцыяў супраць 171 грамадзяніна Беларусі, перадае Reuters. Акрамя таго, санкцыі прыпыненыя і супраць усіх 14 юрыдычных асобаў.
«Пасьпешлівым» называе такое рашэньне Брусэлю сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:
«Яно ня ўлічвае тых палітычных рэаліяў, якія ёсьць цяпер у Беларусі. А гэта незьніжэньне градусу ціску на грамадзянскую супольнасьць, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, палітычныя партыі і палітыкаў. Перасьлед іх па-ранейшаму працягваецца. І пакуль можна казаць толькі пра зьмяншэньне ўзроўню гвалту адносна іх.
Адзіным станоўчым момантам у гэтым рашэньні я бачу яго кароткі тэрмін дзеяньня — чатыры месяцы. Вельмі добра, што не прынятае рашэньне аб безумоўнай адмене санкцыяў. І гэтыя чатыры месяцы дэмакратычныя сілы Беларусі і дэмакраты Эўропы мусяць выкарыстоўваць на тэст для рэжыму. Яго трэба прымусіць пайсьці на сапраўдныя дэмакратычныя зьмены.
Калі ж зьменаў ня будзе, то санкцыі трэба вяртаць».
Уладзімер Глод, Менск