Якія прыярытэты цяперашняга кіраўніцтва Беларусі ў галіне культуры можна назіраць на матэрыяле дзяржаўных узнагародаў? Паводле якіх прынцыпаў улада адных ушаноўвае, а другіх ігнаруе? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць экспэрт Лібэральнага клюбу Вадзім Мажэйка і пісьменьнік Віктар Марціновіч.
Цыганкоў: Як улада сваімі ўзнагародамі вызначае сваё стаўленьне да тых ці іншых асобаў, да культурных праяваў? Якія прыярытэты ўлады можна вызначыць, зыходзячы з таго, каго яна ўзнагароджвае, а каго — не заўважае?
Марціновіч: Мне здаецца, што тыя густы, якія дэманструюцца гэтымі ўзнагародамі, нагадваюць густы кіроўцаў маршруткі. Гэта расейская папса, Кабзон, Дробыш, людзі, якія да беларускай культуры ніякага дачыненьня ня маюць. За ўвесь час існаваньня гэтых узнагарод хіба толькі аднойчы ордэн атрымаў беларускі мастак. Усё астатняе — гэта ня вельмі беларускае, ня вельмі культурнае.
Мажэйка: Калі паглядзець на ордэн Скарыны, то можна ўбачыць, што большасьць людзей, якія яго атрымалі, ня маюць аніякага дачыненьня да культуры. Там шмат іншаземцаў, якія дапамагалі нам у Чарнобылі, таксама шмат расейскіх чыноўнікаў, такіх як Лужкоў. Калі я гартаў сьпіс узнагароджаных, то ўбачыў там прозьвішча Быкава. Аказалася, гэта Павал Іванавіч Быкаў, дырэктар Турэц-Баярскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёну. Гэта паказвае, які Быкаў патрэбны ўладзе, а які не ўваходзіць у гэты шаблён.
Цыганкоў: А чаму Лукашэнка не ўзнагароджвае беларускіх дзеячаў культуры, хай сабе тых, якія цалкам падтрымліваюць уладу, — напрыклад, сяброў чаргінцоўскага саюзу пісьменьнікаў?
Мажэйка: Калі Лукашэнка крытыкаваў Алексіевіч, то ён атаясамліваў сябе зь дзяржавай. І тут тое самае. Значэньне дзяржаўных узнагародаў проста падмяняецца тым, што асабіста спадабалася кіраўніку дзяржавы. Мы проста бачым ягоныя густы. Расейская папса яму больш цікавая, чым літаратура, нават чаргінцоўская.
Марціновіч: Ён проста кніжак не чытае, у тэатар ня ходзіць. Ён хацеў бы, каб у Беларусі зьявіўся рэжысэр, які здолеў бы зьняць прапагандысцкі фільм, варты ўзнагароды, але такія не зьяўляюцца. А каб прачытаць кнігу, трэба мець да халеры часу і быць інтэлігентным чалавекам, каб марнаваць час на чытаньне.
Але, на жаль, справа ня толькі ў Лукашэнку. Ён проста робіць тое, што сугучна адчуваньням большасьці насельніцтва. Калі спытаць кіроўцу маршруткі, які беларускі пісьменьнік варты дзяржаўнай узнагароды, ён скажа: «Якія беларускія пісьменьнікі? Я нікога ня чуў. Вось у Расеі пісьменьнікі. Даша Данцова пісьменьніца».
Літаратура — гэта проста такі жанр, які не пасуе тым, хто вызначае лёс таго, што ўздымаецца беларускай дзяржавай у культуры. Лукашэнка не чытае кніг. Я за ўвесь час назіраньня за ім магу ўспомніць толькі ўзгадку пра «вершы Быкава». Нейкіх літаратурных рэмінісцэнцыяў у ягоных прамовах няма. У гэтым сэнсе ён чалавек 21-га стагодзьдзя. Бо ўсё наша стагодзьдзе хворае на дысьлексію, на няздольнасьць чытаць. Але я спадзяюся, што калі гэтыя папулісцкія часы скончацца, прыйдуць людзі, якія здолеюць узгадаць пра літаратуру і высокую культуру.
Цыганкоў: Вадзім, вы пісалі нават адмысловыя тэксты пра «мяккую беларусізацыю» з боку ўлады. Але што замінае кіраўніку дзяржавы ўзнагароджваць хаця б праўладных беларускіх творцаў?
«Мяккая беларусізацыя» — гэта ж ня нейкі душэўны парыў Лукашэнкі, гэта палітычнае рашэньне, прынятае ў пэўных геапалітычных умовах.
Мажэйка: «Мяккая беларусізацыя» — гэта ж ня нейкі душэўны парыў Лукашэнкі, гэта палітычнае рашэньне, прынятае ў пэўных геапалітычных умовах. І праблема ня толькі ў асабістых густах кіраўніка дзяржавы, праблема ў тым, што ўся сыстэма не працуе. У Беларусі вельмі неэфэктыўная і няякасная культурная палітыка, і мы бачым, наколькі ўсё непасьлядоўна. Хаця б гэтыя апошнія гісторыі з затрыманьнямі за «Пагоні», калі чыноўнікі пярэчаць адзін аднаму. Няма сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, якая б працавала прафэсійна, асабліва ў галіне культурнай палітыкі.
Цыганкоў: Ну вось у савецкі час была сыстэма. Машэраў паважаў і любіў пісьменьнікаў, ім давалі званьні і даброты. Але потым прыйшлі іншыя, «дырэктары», Сьлюнькоў, Сакалоў, абыякавыя да літаратуры — але званьні па-ранейшаму давалі і кніжкі выпускалі, бо працавала сыстэма. А пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі ўсё зламалася. Ці, можа, Лукашэнка ўжо проста плюнуў на адносіны з творчай інтэлігенцыяй?
Марціновіч: Трэба, каб адносіны ўлады з творцамі былі не папулісцкія. Трэба, каб з творчымі людзьмі ўлада стасавалася не з пазыцыі кіроўцаў маршрутак, а з пазыцыі людзей, якія прапагандуюць культуру. Сустрэліся адзін раз на 10 гадоў зь пісьменьнікамі — але ж варта сустракацца кожны год. Трэба ўводзіць творцаў, якія ствараюць беларускую культуру, у афіцыйны дыскурс нароўні са спартоўцамі. Бо ніхто са спартоўцаў не дасягнуў таго, чаго дасягнула беларуская літаратура з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі.
Цыганкоў: Вы кажаце — «трэба». А які ваш прагноз — ці будзе Лукашэнка гэта рабіць?
Лукашэнка — чалавек, які ў сваім жыцьці кіруецца пэўнымі фобіямі з 90-х. Праз фобію Пазьняка ён вельмі асьцярожны зь беларускай мовай і культурай.
Марціновіч: Лукашэнка — чалавек, які ў сваім жыцьці кіруецца пэўнымі фобіямі з 90-х. Праз фобію Пазьняка ён вельмі асьцярожны зь беларускай мовай і культурай. Хоць ніякага моцнага БНФ даўно няма, хоць ён бы выйграў палітычна, калі б стаў большым нацыяналістам, Лукашэнка баіцца таго Фронту, які некалі быў для яго моцнай пагрозай. І гэта вызначае ягоныя дачыненьні да мовы і культуры.
Ён мае траўматычны досьвед стасункаў з Быкавым. І тое, што адбываецца вакол імя Васіля Быкава, нават тое, што дагэтуль няма вуліцы Быкава, — гэта спрэс тая траўма. Лукашэнка не пераадольвае гэтыя траўмы. І пытаньне ў тым, ці здолее ён зразумець, што беларуская культура зь ім у адной лодцы.
Мажэйка: З таго, што мы бачым «пасьля Крыму» — мы бачым пэўныя жэсты ўлады ў бок беларускай гісторыі і культуры, якіх яшчэ некалькі гадоў таму ніхто не чакаў. Таму я хачу дадаць крыху аптымізму. Калі паглядзець з пункту гледжаньня беларускай культуры — тое, што няма да яе ўвагі ад дзяржавы, дык гэта і добра. Культура існуе ў паралельнай рэчаіснасьці ад улады — і гэта для яе нават карысна. Бо калі творца пачынае атрымліваць званьні, сядзець на афіцыйных імпрэзах — то часам з творчасьцю якраз і зьяўляюцца праблемы.