Пра Якуба Якубоўскага будуць згадваць на беларуска-татарскай вечарыне

У гонар беларускага татарына Якуба Якубоўскага ў Менску 28 кастрычніка пройдзе вечарына з прэзэнтацыяй кнігі і выставай.

Якуб Якубоўскі

Кніга «Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі» (аўтары-ўкладальнікі Іван Драўніцкі і Тацяна Якубоўская) выйшла ў выдавецтве «Тэхналёгія» ў 2015 годзе. Загалоўкам кнігі абраны першы радок гімна беларускіх татараў, словы якога належаць актыўнаму ўдзельніку адраджэнскага руху беларускіх татараў у 1990-х гадах Якубу Якубоўскаму (1932–1998): Мы з Паволжа і Крыма з Іманам прыйшлі На гасьцінныя землі Літвы й Беларусі. Пад Грунвальдам суровы экзамэн здалі І уланскую службу нясьлі без прымусу. Кніга ўтрымлівае ўспаміны пра Якуба Якубоўскага, нарысы пра родныя мясьціны, сям’ю, яго асабістыя артыкулы, нататкі, інтэрвію. Тэкставыя матэрыялы і фатаздымкі адлюстроўваюць яго прафэсійную дзейнасьць у рэдакцыі «Беларускай энцыкляпэдыі» (1967–1992 гг.) як географа і грамадзкую працу на ніве беларуска-татарскага адраджэньня (1991–1998). Да імпрэзы таксама арганізаваная выстава «Здабыткі Якуба Якубоўскага», якая адлюстроўвае сфэру яго інтарэсаў, асобу гэтага чалавека — грамадзяніна Беларусі, інтэлігента, дзеяча татарскага руху. На ёй прадстаўлены энцыкляпэдычныя выданьні, у падрыхтоўцы якіх браў удзел Якуб Якубоўскі, нумары часопіса «Байрам», галоўным рэдактарам якога ён быў ад пачатку яго заснаваньня да апошніх дзён свайго жыцьця.

Вечарына адбудзецца 28 кастрычніка а 16 гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, чытальная заля рэдкіх кніг і рукапісаў, пакой 601).