Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначае, што беларускае грамадзтва не падрыхтаванае да абмеркаваньня тэмы сэксуальных меншасьцяў.
«У нас жыве старая савецкая ідэя пра тое, што гэта хвароба, вялікі грэх і адступленьне ад нормаў маралі. Раней лічылася нават, што гэта трэба лячыць. Праўда, пасьля высьветлілася, што вылечыць нестандартную сэксуальную арыентацыю нельга. Тое, што наша грамадзтва не падрыхтавана, гэта наша бяда і бяда нашай улады. Эўропа пайшла іншым шляхам, яна цярпліва ставіцца да такіх людзей».
Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што ён не прыхільнік аднаполых шлюбаў, але перакананы, што людзі зь нетрадыцыйнай арыентацыяй маюць аднолькавыя з усімі правы.
Калі Міхала Пішчэўскага зьбілі да сьмерці і вінаваты атрымлівае за гэта каля трох гадоў, якія скасоўваюцца паводле амністыі, — гэта бяда нашай дзяржавы.
«Калі Міхала Пішчэўскага зьбілі да сьмерці і вінаваты атрымлівае за гэта каля трох гадоў, якія скасоўваюцца паводле амністыі, — гэта бяда нашай дзяржавы. Пакуль ня будзе нармальнай працы нашых псыхолягаў, духавенства і чынавенства што да тэмы меншасьцяў — будзе разбой у грамадзтве. Гэта параджэньне савецкага ладу. Цяпер трэба прапагандаваць цярплівае стаўленьне да гэтых людзей і паважаць іх правы — яны нічым ня горшыя за ўсіх астатніх.
У мяне ёсьць некалькі знаёмых зь нестандартнай арыентацыяй. Магу сказаць, што яны зьяўляюцца прыкладам у паводзінах для ўсіх астатніх.
Трэба, каб у Беларусі была прапаганда нармальнага стаўленьня да такіх людзей. Каля 6% людзей у сьвеце маюць нестандартную арыентацыю. Неабходна, каб гэтыя людзі адчувалі сябе людзьмі».