Сястра Міхаіла Пішчэўскага Тацяна за два тыдні да сьмерці брата казала карэспандэнту Свабоды, што стан здароўя Міхаіла апошнім часам пагаршаецца, на дадатак да ўсіх бедаў ён пакутуе ад інфэкцыяў, і таму гаворкі пра выпіску са шпіталя, на што зьявіліся спадзяваньні яшчэ ўлетку, цяпер няма. Сёньня Тацяна распавяла пра сьмерць Міхаіла Пішчэўскага ў шпіталі.
— Гэта здарылася дакладна а 12 гадзіне, на мяжы двух дзён, 26 і 27 кастрычніка. У яго спынілася сэрца, перастаў дыхаць. Але ад чаго дакладна ён памёр, сказаць пакуль немагчыма, бо ўскрыцьця яшчэ не рабілі. Хоць прычын шмат. Гэта і недахоп вады ў арганізьме, і тое, што ў яго быў велізарны тромб, які ўтварыўся, бо ён больш як год праляжаў нерухома — гэты тромб мог адарвацца. Магло сэрца ня вытрымаць. Ён пасьля перанесенага мэнінгіту быў вельмі зьнясілены. Учора яму ўвесь час было вельмі дрэнна, ён задыхаўся, яго адкачвалі.
— Прабачце за пытаньне: ваш брат быў у прытомнасьці ці не разумеў, што адбываецца?
— Апошнім часам Міша быў у прытомнасьці ўвесь час, і ўчора быў да апошняй хвіліны ў прытомнасьці. Ён разумеў, што адбываецца. Гаварыць ён ня мог, дзеля гэтага трэба было зь ім займацца, у тым ліку аднаўляць стан мышцаў твару, якія за час лячэньня атрафаваліся, але ён вачыма даваў нам сыгнал, што ўсё разумее. Было зразумела, што ён у прытомнасьці.
— Можа, ён неяк разьвітваўся са сваякамі?
— Так, ён плакаў. Палову дня ён праплакаў. Верагодна, што ён з намі разьвітваўся, гэта так.
— Перадайце спачуваньні вашай маці, Валянціне Фёдараўне. Як яна пачуваецца?
— Дзякуй за спачуваньні. Мама ў стрэсе, яна ўвесь час плача. Яна добра разумела, да чаго ўсё ішло, але ўсё роўна паверыць ня можа. Напярэдадні маму мы з братам Віталем адпусьцілі адпачыць, засталіся на ноч зь Мішам, і вось гэта здарылася.
— Нехта зь сяброў пасьпеў разьвітацца з вашым братам?
— Ягоны сябар Міхаэль пасьпеў прыляцець з Нарвэгіі. Мы паведамілі яму ўчора ўдзень, і ён за палову дня прыляцеў, неяк праз Рыгу. Раней бы на палову гадзіны, пасьпеў бы пабачыць Мішу жывым. Не атрымалася, але пасьпеў убачыць яго цела, разьвітацца. А цяпер цела Мішы ўжо адвезьлі на судова-мэдычную экспэртызу ў морг 10 шпіталя.
— Зь сям’і Лукашэвіча ніхто на вас не выходзіў, не званіў?
— Не, ад іх нічога не было.
Міхаіла Пішчэўскага пахаваюць 28 кастрычніка на адных зь менскіх могілак. Нябожчыку ў жніўні споўнілася 35 год.