На пачатку вядомыя беларускія літаратары зь Менску, Гомеля, Веткі разам з землякамі паэта наведалі вясковыя могілкі ў Гарошкаве, дзе Анатоль Сыс пахаваны побач з бацькамі — Марыяй Іванаўнай і Ціханам Цярэнцьевічам. Да помніка творцы ўсклалі жывыя кветкі.
Адкрываючы сьвята паэзіі, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч сказаў:
«Кожны раз, калі бываю тут, у Гарошкаве, з удзячнасьцю згадваю прашчураў, продкаў, гарошкаўцаў, якія зрабілі могілкі на такім цудоўным месцы над дняпроўскай стромай. Анатоль хацеў сюды вярнуцца, яму тут добра сярод сваіх родных, сяброў і блізкіх, якіх ён любіў і з удзячнасьцю прысьвячаў свае вершы:
Я чую сум ваш на зямлі,
Вы не судзіце свайго сына строга.
Мяне анёлы за руку ўзялі
І, як дзіця, вядуць да Пана Бога».
Сьвятара сёлета на могілкі не запрашалі. Затое пад залацістымі восеньскімі бярозамі гучала старажытная дуда ва ўмелых руках Яўгена Барышнікава. Музыку дуды Анатоль Сыс вельмі любіў.
З могілак сьвята паэзіі перабіралася звычайна на падворак роднай хаты паэта ў цэнтры Гарошкава. Але сёлета гэта маршрут быў упершыню зьменены. Сьвята перамясьцілася ў Засьпеньскі сельскі дом культуры. Раней улады не дазвалялі рабіць падобныя імпрэзы ні ў школе, дзе вучыўся Анатоль, ні ў мясцовых культасьветустановах.
«Амаль кожны раз, калі мы прыяжджалі ў Гарошкаў, было холадна, дождж, часам і сьнег. На падворку было ня дужа ўтульна, асабліва тым, хто прыяжджаў, каб пасьпяваць песьні на вершы Анатоля. Гэтым разам мы зьвярнуліся да старшыні Засьпеньскага сельскага савета, і ён ласкава дазволіў правесьці сьвята ў Доме культуры. Я думаю, што гэта лепей — цяплей і ўтульней. Мяркую, што на сьвята прыйдзе і больш землякоў, якія ведаюць і памятаюць паэта», — патлумачыў Барыс Пятровіч.