У Беларусі да канца лістапада павінен быць рэалізаваны закон «Аб амністыі ў сувязі з 70-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». Сярод 7 тысяч 769 амніставаных — 75 малалетніх злачынцаў, то бок прыкладна чвэрць ад сумарнага ліку асуджаных хлопчыкаў, якія адбываюць пакараньне ў бабруйскай выхаваўчай калёніі № 2 для непаўналетніх, і дзяўчатак, якія ўтрымліваюцца ў адмысловым дзіцячым атрадзе ў гомельскай ПК № 4. З гэтых 75 трэцяя частка, або 25, цалкам вызваленыя ад далейшага адбыцьця пакараньня. Астатнім 50-ці тэрмін пакараньня скарочаны на адзін год. Што ўяўляе сабой дзіцячая ды юнацкая злачыннасьць сёньня? Які лёс чакае гэтую моладзь далей?
Your browser doesn’t support HTML5
Гавораць былыя асуджаныя бабруйскай выхаваўчай калёніі. Усе трое зьдзейсьнілі злачынствы, так ці інакш зьвязаныя з наркотыкамі ды алькаголем. Запэўніваюць, што зразумелі, наколькі важная для іх свабода, што больш ніколі ня трапяць за краты, што на волі адразу ж пойдуць працаваць ды вучыцца, што набудуць добрую спэцыяльнасьць і створаць такую ж добрую сям’ю. Ва ўсё сказанае імі хлопцы шчыра вераць. На жаль, жыцьцё паказвае, што падобныя надзеі рэалізуюцца ў рэдкіх выпадках.
«За кратамі даверу да наркаманаў — няма»
Журналіст выданьня «Бабруйскі кур’ер», у зусім нядаўнім мінулым палітвязень Яўген Васьковіч сёлета вызваліўся пасьля пяцігадовай адседкі ў зоне і «крытай» турме ў Магілёве. Ён узгадвае, што разам зь ім, «сядзела недзе больш за 50% аднагодкаў. Былі нават яшчэ і маладзейшыя. Сярод іх тыя, якія спачатку апынуліся на „малалетцы“ і, не вызваляючыся, трапілі на агульны рэжым».
Your browser doesn’t support HTML5
Васьковіч: Асуджаных па 328-м артыкуле хапала. Да пасадкі яны ўжывалі ня толькі марыхуану, але даволі трывала сядзелі на нашмат мацнейшых наркотыках. Але апынуліся перад судом не за ўжываньне, а за тое, што нібыта пачаставалі некага. Тэрміны ў іх былі вялікія, але «ломак» я ніколі ня бачыў. Гэтую стадыю яны прайшлі ў СІЗА. Потым на зоне такая звычка паціху адыходзіць. Але гэта ўжо збольшага вельмі хворыя людзі, у якіх аслаблены імунітэт, шмат хто сядзіць зь ВІЧ, з гепатытам, іншымі хваробамі. Тое, што яны кажуць, маўляў, больш ніколі ня вернемся да наркаты, — гэта ўсё байкі. Шмат хто вызваляецца і вяртаецца да дозы. Я ведаў хлопца, які, вярнуўшыся з адседкі, загінуў ад перадазіроўкі. Перасіліць сябе гэтыя людзі ня могуць. За кратамі даверу да іх — няма. Многія лічаць, што дзеля дозы яны і маці родную прададуць.
«Зразумела, мае раўналеткі сядзелі ня толькі за наркату, — удакладняе былы палітвязень. — Было нямала забойцаў. Адзін хлопец прайшоў сапраўдную школу крымінальнай загартоўкі, спачатку на „малалетцы“, а потым у дарослай калёніі. Яму далі дзевяць гадоў. Па амністыі, аднак, скінулі год. Ён адразу зьехаў у Фінляндыю».
Большасьць зэкаў лічыць эміграцыю, бадай, адзінай магчымасьцю, каб цалкам зьмяніць сваё атачэньне і, такім чынам, ня трапіць у вязьніцу зноў. Аднак такі варыянт даступны вельмі і вельмі нямногім.
«Людзі там сустракаюцца розныя, — працягвае Васьковіч. — За цяжкае злачынства сядзеў, напрыклад, хлопец, які падаваў вялікія надзеі ў спорце. Ён меў розныя ўзнагароды. А на зону прыйшоў з „малалеткі“, прайшоўшы ледзь ня ўсе турэмныя ступені. Зэкі з дарослай зоны, якія прайшлі самыя розныя этапы, за выключэньнем наркаманаў, не заракаюцца, ня кажуць упэўнена: сядуць ці ня сядуць. Кажуць, што калі пасадзяць, дык будуць гатовыя да гэтага. Аднак будуць рабіць усё, каб не папасьціся, бо разумеюць, што мала што ўмеюць у жыцьці. А пасьля зоны чалавеку вельмі цяжка знайсьці сябе ў грамадзтве».
Рост дзіцячай злачыннасьці як сыгнал пра магчымы каляпс у грамадзтве
Паводле дадзеных МУС, тэндэнцыя да амаладжэньня спажыўцоў сьпіртнога і наркотыкаў апошнім часам носіць устойлівы характар. Адзначаецца таксама, што калі раней падлеткі пераважна кралі, то цяпер яны ўсё часьцей зьдзяйсьняюць «дарослыя» злачынствы, у якіх фігуруюць зброя ды распаўсюд наркотыкаў Так за мінулы год колькасьць крымінальных спраў у дачыненьні да непаўналетніх за незаконны абарот наркатычных сродкаў вырасла ў чатыры разы. З улікам таго, што сёлета да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 328 прыцягваюцца з 14-гадоў колькасьць асуджаных павінна ўзрасьці.
Алёна Красоўская-Касьпяровіч, цяперашняй кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «Рэгіён 119», якое займаецца абаронай правоў зьняволеных кажа, што цягам 2015 году колькасьць насельнікаў бабруйскай выхаваўчай калёніі № 2 падвоілася. Паводле яе меркаваньня, рост дзіцячай злачыннасьці — гэта свайго роду сыгнал пра магчымы каляпс у грамадзтве.
Красоўская-Касьпяровіч: Калі мы былі на пачатку году ў бабруйскай выхаваўчай калёніі, там сядзелі 172 чалавекі. Аднак у сувязі з распачатай барацьбой з наркотыкамі колькасьць малых асуджаных вырасла недзе ўдвая — прыкладна да 330–360. Нельга сказаць, што выключна ў сувязі з наркотыкамі, аднак — тым ня менш. З узмацненьнем барацьбы рост дзіцячай злачыннасьці будзе назірацца і надалей. У нас апошнім часам ужо рэгіструецца па Менску не скажу, што абвальнае, але істотнае пагаршэньне крымінагеннай сытуацыі сярод непаўналетніх. Тут і жорсткія забойствы, і злачынствы на сэксуальнай глебе, і, зразумела, парушэньні закону пад узьдзеяньнем наркатычных рэчываў ды алькаголю...
«Свабода ў турмах»: Вядома, што непаўналетнія заўсёды праходзяць па ўсіх амністыях. Летась з нагоды 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў на волю выйшлі 33 падлеткі, тыя, хто, паводле розных крытэраў, стаў на шлях выпраўленьня... Але нават калі ўявіць сабе, што ў калёніі юнага вязьня прывучылі да дысцыпліны, адказнасьці, адвучылі ад п’янства ды наркаты — што значаць гэтыя плюсы пры існых праблемах сацыялізацыі... Калі чалавек вяртаецца ў звыклае асяродзьдзе, ён вельмі хутка забывае тое, чаму яго пад прымусам вучылі, хай сабе нават гадамі...
Калі чалавек вяртаецца ў звыклае асяродзьдзе, ён вельмі хутка забывае тое, чаму яго пад прымусам вучылі, хай сабе нават гадамі...
Красоўская-Касьпяровіч: У калёніі мы гутарылі з дырэктарам тамтэйшай прафэсійна-тэхнічнай вучэльні... Было бачна, што гэты чалавек — сапраўдны падзьвіжнік сваёй справы, які вельмі перажывае за хлопцаў. Ён перакананы, што дзеці, падлеткі павінны быць максымальна занятыя нейкімі карыснымі справамі, каб ім у галаву ня лезла розная лухта. І падлеткі сапраўды былі занятыя з ранку да вечара.
Тыя, хто ня скончыў, вучацца ў першую зьмену. У другую зьмену — гэтыя школьнікі ідуць вучыцца ў ПТВ. То бок з ранку да вечара яны вучацца. Тыя ж, хто скончыў школу, вучацца ў ПТВ, а пасьля абеду працуюць свае тры-чатыры гадзіны. А вучоба — ад яе нельга «адкасіць» нават у дысцыплінарным памяшканьні (у іх не ШЫЗА, як у дарослых, а ДЫЗА). У ДЫЗА прыходзяць пэдагогі і займаюцца з гэтымі штрафнікамі столькі часу, колькі трэба. Многія хлопцы падаюць вялікія надзеі, у іх ёсьць шанец знайсьці сабе добрую працу.
І вось амністыя, якой усе так чакаюць. Чалавек спыняе сваю прафэсійную падрыхтоўку. Атрымлівае ад нас даведку, зь якой можа ісьці працягваць вучобу ўжо на волі. Аднак не ідзе. Так робіць большасьць. Чалавек губляе свой шанец. Застаецца без спэцыяльнасьці, без імкненьня да разьвіцьця ўласных навыкаў. Магчыма, на ўсё далейшае жыцьцё... Хто патлумачыць яму гэта? Хто пераканае працаваць надалей шмат і штодня?
На думку Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, гэта павінна рабіць сям’я, якой вельмі часта не да дзяцей.
Your browser doesn’t support HTML5
«Свабода ў турмах»: Мы гаварылі пра ролю сям’і. Што павінна рабіць сям’я, якая, скажам так, прагледзела сваё дзіця, і яно, трапіўшы ў кепскую кампанію, учыніла нейкае правапарушэньне і ў выніку апынулася за кратамі? Вядома, што некаторыя маці спрабуюць ствараць грамадзкія аб’яднаньні, каб змагацца за дзяцей, але рэгістрацыя аб’яднаньня абяртаецца шмат для каго, асабліва ў правінцыі, сур’ёзнымі праблемамі, у тым ліку зьвязанымі з працай...
Нашы людзі прызвычаіліся, што за іх нехта усё павінен вырашаць. Калі родныя ўпэўненыя, што чалавек невінаваты, трэба змагацца найперш самім.
Красоўская-Касьпяровіч: У маленькіх гарадах такое бывае. Села дзіця за краты і маму «папрасілі» з працы, маўляў, сын — злачынец. Гэта наш мэнталітэт. Замест таго, каб падтрымаць маці, мы пачынаем яе ганіць. Цяжка тут лезьці са сваімі парадамі, але ўсё ж: жанчыны, вы адстойваеце сваіх дзяцей і гэта самае важнае. Паспрабуйце прыйсьці да кіраўніцтва і сказаць: мой сын трапіў за краты за наркотыкі, але гэта маё дзіця, я буду яго падтрымліваць у бядзе, не пазабаўляйце мяне гэтай магчымасьці. Магчыма, я наіўная, але, мне здаецца, што насустрач такой маці пойдуць... Праблема, як аднак, у іншым. Нашы людзі прызвычаіліся, што за іх нехта усё павінен вырашаць. Ваня, Пеця, Вова, але толькі не яны самі. Калі родныя ўпэўненыя, што чалавек невінаваты, трэба змагацца найперш самім — дзяўбці ўсё навокал, пісаць наглядныя скаргі, наймаць адвакатаў, вывучаць самім справу. Толькі калі будзе даказана, што працэнт несправядлівых прысудаў па 328 не 3-4%, а — 50%, толькі тады нешта пачне рухацца... Без гэтай актыўнасьці у кожным індывідуальным выпадку нічога ня зьменіцца.
«Матчын рух 328»
У Горадні ствараецца рух маці, сыны якіх сядзяць за наркотыкі. Іхняя мэта — супольна змагацца за палягчэньне лёсу дзяцей, якіх згодна з заканадаўствам не чакае ні амністыя, ні ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Справы іхнія пераглядаюцца толькі ў рэдкіх выпадках, прычым так, каб узмацніць пакараньне, а не злагодзіць.
Займаюцца ўсімі клопатамі Ларыса Жыгар і Марына Капыціна, якія не пабаяліся ўзначаліць будучую арганізацыю. На мінулым сходзе да іх далучыліся іншыя маці, каб пры падачы папер на рэгістрацыю выступіць заснавальніцамі руху, але некаторыя перадумалі. Ларыса Жыгар тлумачыць:
«Многія мамы проста баяцца страціць месца працы, яны адмовіліся быць заснавальніцамі. Ня хочуць афішаваць сваё месца працы. Самі разумееце, калі будзем падаваць паперы на рэгістрацыю, будуць пазначаныя ўсе дадзеныя і месца працы. Хто працуе ў дзяржструктурах, канечне, баяцца».
І дадае: «Гэта я ўжо не баюся. Сьвядома хачу дапамагаць свайму сыну і ня толькі яму, падтрымліваць іншых маці».
Ларыса Жыгар кажа, што ўстаноўчы сход яны хочуць сабраць на пачатку лістапада. Новае сацыяльна-асьветнае грамадзкае аб’яднаньне будзе называцца «Матчын рух 328». Рух ствараецца ў Горадні (ёсьць удзельніцы з Зэльвы, Ваўкавыску, Ліды), але пры шырокай падтрымцы маці з усёй Беларусі. У «Групе 328» у сацсетках цяпер 431 чалавек. Гэта родныя прыблізна 350 асуджаных. Яны абменьваюцца навінамі: у каго касацыйную скаргу разглядалі, каму які прысуд вынесьлі.
Крымінальныя справы нагадваюць сцэнар, кажа Марына Капыціна:
«Я не магу гаварыць за ўсіх, але слухаеш гісторыі тых, хто ў нашай групе, — яны настолькі аналягічныя, падобныя адна да адной. Як быццам сцэнар напісаны нейкі, і ўсё. Вось нават нядаўна да нас жанчына з Зэльвы зьвярнулася, каб уступіць у нашу групу. Там такая сытуацыя: затрымліваюць хлопца, дахаты прыходзяць. Нібыта ён нешта скраў. Да яго прыходзяць, а ён накураны нейкай травой, у яго ў кішэні знаходзяць нуль, нейкую частку грама. Яго забіраюць, дзе ўзяў — кажы! І кажуць — на каго паказаць. Што нібыта той збыў яму год назад. Альбо іначай сам сядзеш».
Сыну жанчыны з Зэльвы, якая вырашыла далучыцца да «Матчынага руху 328», далі восем гадоў — «са слоў, проста са слоў», кажа Марына Капыціна. А другі, які на яго паказаў, — на волі.
Як кажа Ларыса Жыгар, перад прэзыдэнцкімі выбарамі было спадзяваньне, што Аляксандар Лукашэнка неяк адрэагуе на іхні зварот, пад якім было 577 подпісаў. 23 верасьня зварот занесьлі ў адміністрацыю. Але адтуль яго перанакіравалі ў Генэральную пракуратуру. Адказ з Генпракуратуры, падпісаны намесьнікам генпракурора Аляксеем Стукам, быў адасланы 9 кастрычніка, а атрымала яго жанчына 13-га. У ім гаворыцца, што калектыўны зварот на імя прэзыдэнта разгледжаны.
Жыгар: «І далей ідуць растлумачэньні. Можна сказаць, што гэта тыя ж адпіскі, што атрымліваюць сваякі кожны паасобку. Пішуць, што спасылкі на парушэньне судамі артыкула 22 Канстытуцыі РБ і фармалізм пры разглядзе крымінальных спраў паводле артыкула 328 КК носяць абстрактны характар. У якасьці канчатковай высновы: «Генэральная пракуратура ў межах сваёй кампэтэнцыі падставаў для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня не знаходзіць».
«Нас проста зусім не пачулі, — падсумоўвае Ларыса Жыгар. — Мы зьвярталіся да прэзыдэнта. Можа, была выбарчая кампанія і ён не зьвярнуў увагі, а можа, зь іншай прычыны проста не захацеў сустракацца з маці. А мы прасілі, каб зьвярнуў хаця б увагу — як вядуцца справы».
А ў Генпракуратуру рыхтуецца асобны зварот, і там будуць далучаныя матэрыялы канкрэтных спраў, дадае яна.
Жанчыне незразумела, чаму вышэйшыя чыноўнікі застаюцца абыякавымі:
Тут шмат болю, матчынага, жаночага, жончынага, таму што дзяўчаты многія зь дзецьмі засталіся, некаторыя з двума-трыма, а асуджаныя ёсьць на 12–15 год.
«Тут шмат болю, матчынага, жаночага, жончынага, таму што дзяўчаты многія зь дзецьмі засталіся, некаторыя з двума-трыма, а асуджаныя ёсьць на 12–15 год. 8 год — гэта практычна вельмі рэдка, цяпер лічба 10—12—15, нават, ведаю, у „Воўчых норах“ ёсьць адзін выпадак — 18 гадоў, заехаў туды 18-гадовы хлопец».
Група 328 «Укантакце» ўвесь час павялічваецца. Проста тэлефануюць: добры дзень, хацелі б узяць удзел у аб’яднаньні маці 328, зазначае Ларыса Жыгар:
«Сутыкнуўшыся з гэтай бядой, я зразумела, што проста сядзець і тупа глядзець на партрэт сына, трымаць сьвечку і маліцца Багародзіцы — гэта ня выйсьце са становішча, і ўвесь час ліць-ліць гэтыя сьлёзы. Трэба сапраўды дзейнічаць. Ну колькі ж можна маўчаць? Ну чаму мы баімся гэтай сыстэмы? Ну што з намі можа здарыцца? На кожным кроку гаворыцца: у нас справядлівая, квітнеючая, прыгожая дзяржава. І мне хочацца, каб у гэтай дзяржаве было сапраўды ўсё справядліва».
Your browser doesn’t support HTML5
Сын Ларысы Жыгар Максім быў асуджаны 8 траўня 2013 году. Артыкул 328, частка 3-я. На восем год і адзін месяц. З адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Матэрыялы справы разглядала на «Плятформе» Алена Красоўская-Касьпяровіч асабіста. Яна сказала, што прысуд Максіму несправядлівы. Яму было 18 з паловай гадоў. У маці няма спадзяваньня, што прысуд сыну перагледзяць, але:
«Можа, будуць хоць трошачку думаць, што перш чым вынесьці такі суровы прысуд, трэба ўзважыць усе „за“ і „супраць“, улічыць характарыстыкі, усё. А ня быць проста тупа аднабаковым: даём яму частку трэцюю, і ўсё, таму што трэба мець зоркі на пагонах альбо вялікія прэміі. Не, так нельга».
Яна ня зможа ўзяць сына за руку, але хоча, каб у хлопцаў у 22-й калёніі была маральная падтрымка:
Многія з хлопцаў проста падаюць духам. Яшчэ пару год, і яны будуць зусім страчаныя для грамадзтва.
«Мы робім усё магчымае для таго, каб у вас хоць прысутнічаў аптымізм, таму што многія з хлопцаў проста падаюць духам. Яшчэ пару год, і яны будуць зусім страчаныя для грамадзтва».
Сыну Марыны Капыцінай было 19 год, калі ўсё здарылася, кажа яна. Гэта было яшчэ ў 2011 годзе:
Капыціна: Калі мы прыйшлі ў суд і судзьдзя ўбачыў, наколькі праваахоўнікі сфабрыкавалі справу, ён усё адмёў. Сына асудзілі па першай частцы артыкула. Але праз год на пратэст пракуратуры прысуд быў адменены, перададзены на новы разгляд. І там «нас» прызналі вінаватымі і далі восем год. У нас было 0,125 грама. За гэта «мы» атрымалі восем год.
Марына Капыціна перакананая: «Ня могуць яны ў васямнаццаць год быць арганізатарамі такіх злачынстваў. Аднекуль гэта да іх трапляе. Але гэта не выяўляецца. Вось на гэтым абсякаецца, і ўсё. Трэба пакараць, я не спрачаюся, але не на такія тэрміны. Няхай бы яны працавалі, няхай бы штраф выплачвалі, каб толькі такую дрэнь у рукі ня бралі. Але на восем год каб выкрасьліць з жыцьця! Разумееце — ні адукацыі, нічога. Праз восем год яны выйдуць — яны страчаныя. Гэта маладыя хлопцы. Як іх потым сабраць, накіраваць, каб яны засталіся людзьмі? Калі мы езьдзім туды, там адна моладзь. Там няма дарослых людзей. Ім па васямнаццаць. І вось пакуль яны пасядзяць — усё, у іх нічога за плячыма няма, яны нічога ня ўмеюць. І іх там навучыць нічому ня могуць. Там ім зрабілі „гурток па інтарэсах“, там усе сядзяць па адным артыкуле».
Your browser doesn’t support HTML5