Кніжная катастрофа дома і Нобэль у гасьцях

Сяргей Дубавец

На Міжнародным кніжным кірмашы ў Кракаве прадстаўляць Беларусь… як? Сорамна? Сорамна адсоткаў на 10, раней было болей, бо кніга ў Беларусі пры Лукашэнку закапаная ў зямлю. Сорамна на 10, а не на 20 не таму, што нешта палепшылася, а таму, што, па-першае, мы з гэтым сорамам звыкліся, па-другое, саромецца таксама надакучвае, па-трэцяе…

Адсоткаў на 30 прадстаўляць Беларусь – незразумела-нязвыкла-радасна. Мы набілярная літаратура, нацыя, краіна, бо маем самага прадстаўнічага Нобэля. І нешта зьмянілася ў нашым поглядзе на ўкраінцаў, хоць яны тут свой стэнд маюць, а мы свайго ня маем. Затое ў іх няма Нобэля :)

Прадстаўляць Беларусь яшчэ адсоткаў на 10 – натхнёна, бо мы ж нібыта нармальныя, як і любая з 26 краін, што прадстаўленыя тут. І таму можна ўявіць, як некалі будзем выглядаць тут мы самі.

Астатнія 50 адсоткаў прадстаўніцтва – па-дзелавому. Мы ведаем, з чым сюды не прыехалі, але што маем і што ў нас у плянах, і вядзем кампэтэнтныя размовы пра свой стэнд на будучыню, пра польскія пераклады нашых аўтараў (а гэта першы крок на шляху беларускай кніжкі ў сьвет, бо немцы, напрыклад, сочаць за польскім рынкам, французы – за нямецкім і гэтак далей) і пра тое, што прафэсійна перакладаць зь беларускай на польскую могуць толькі 2,5 чалавека. А працы, як мінімум, на 25. Перакладчыкаў трэба недзе знаходзіць, ствараць, выстругваць, пажадана не з палена.

Тут цалкам адсутнічае так старанна культываваны ў Беларусі стэрэатып пра сьмерць папяровай кнігі. Ён, дарэчы, нідзе ў сьвеце не культывуецца з такім энтузіязмам, як у нас. Тут канстатуюць іншае: сусьветны продаж э-букаў спыніўся, не расьце, рынак насычаны, электронныя кніжкі, натуральна, пасунулі папяровых, але сытуацыя стабілізавалася, фарматы ўступілі ў кампраміснае суіснаваньне, як некалі тэатар і кіно. Культ папяровай кніжкі ад гэтага толькі павялічыўся, бо публіка, якая любіла ўзяць кніжку ў рукі, засталася сама з сабою, без «кінаманаў», якія «любілі» кніжку вымушана.

У Польшчы гэта адчуваецца як нідзе. Тут няма міністэрства інфармацыі. Затое ёсьць дзяржаўны Інстытут кнігі з салідным бюджэтам. Мэта адна – прасоўваньне польскай кнігі ў сябе дома і за мяжой.

Ува мне ад лічбаў дзейнасьці гэтага Інстытуту прачынаецца душагубка-жаба зайздрасьці. За апошнія гады яны адрамантавалі і пабудавалі з нуля 250 бібліятэк у малых мястэчках. Цяпер гэта мадэрныя цэнтры культуры, дзе апроч кніг ёсьць мультымэдыя, залі для імпрэзаў, куткі для дзяцей ды шмат чаго яшчэ. Людзі ў мястэчках пачалі выходзіць з дому, бо ёсьць куды пайсьці, там усё працуе ад ранку да вечара і бясплатна.

Інстытут падфінансоўвае маленькія кнігарні, каб не загнуліся ў канкурэнцыі з аграмаднымі сеткамі-монстрамі. А іх, маленькіх, сотні па краіне.

Нейкім бокам мне ўсё гэта нагадала часы БССР, калі і ў нас быў культ кнігі, калі бібліятэкі ў вёсках вабілі агнямі, калі ў местачковых кнігарнях мы накуплівалі таго, што даўно разышлося ў сталічных.

Пры Лукашэнку ўсё гэта зьнікла. Нехта яшчэ называе яго праўленьне рэсаветызацыяй. Але для рэсаветызацыі трэба было б мець культ кнігі, а тут усё наадварот. Кнігу проста ўзялі і забілі, бо прафанацыя і звужэньне прасторы для яе і ёсьць сьмерць.

Польская дзяржава ўражвае фінансаваньнем кнігі – аўтараў, перакладчыкаў, выдаўцоў, друкароў, кнігароў… І, заўважце, без расейскіх крэдытаў, таннага расейскага газу і такой дарагой камусьці расейскай дружбы, безь якой мы «ня выжывем».

Тая драма, што адбываецца зь беларускай кнігай, найдакладней характарызуе цяперашнюю ўладу як акупацыйную. Для польскай дзяржавы няма аўтараў лаяльных і нелаяльных. Няма прыярытэтных апартамэнтаў для чужой мовы і цёмнага закутка для сваёй. Дзяржава тут не замаўляе пісьменьнікам «Вайну і мір».

Зрэшты, польскі прыклад можна разьвіць на іншых суседзяў – бяз таннага чужога газу, але са сваёй дарагой Кнігай.

Гэты тэкст я пачаў з пачуцьця сораму. Сорамна, вядома ж, за сябе, за тое, што мы не выглядаем так, як іншыя і лепш за іх. Хоць усё для гэтага, нібыта, маем. Сорамна, што праз год увесь сьвет будзе адзначаць 500-я ўгодкі нашай беларускай кнігі, юбілей, які ў нас дома будзе выглядаць катастрофай кнігі як такой. Сорамна ад бясьсільля.

Яшчэ міжсобку мы неяк даруем адно аднаму гэты сорам, бо што ты зробіш, калі рыпнуцца не даюць. Але на міжнародных сустрэчах, дзе нас прымаюць з дарагой душой, апраўдваць сваё бязьдзеяньне Лукашэнкам не выпадае, бо выглядаць убогімі, вартымі шкадаваньня, ня хочацца…

Выйшаўшы з кірмашу на кракаўскую вуліцу, я ўжо з іроніяй згадваю свой сорам – як спрадвечны інтэлігенцкі плач – несканчальны і несуцешны. Рэч у тым, што гопнікаў на польскіх вуліцах, як выглядае, нашмат больш, чым на беларускіх. За 10 хвілін у мяне 10 разоў папрасілі закурыць. Ну і мат-перамат. Культура на гэта не ўплывае. І не ўплывала ніколі, усё гэта прыдумкі, я даўно пераканаўся. Але галоўнае цяпер у маёй галаве – што іх тут болей, чым у нас. А ў нас – самы галоўны ў сьвеце Нобэль.

Трэба навучыцца цаніць тое, што ўзвышае нас – краіну і народ, што радыкальна мяняе статус нашай літаратуры і адносіны да яе ў сьвеце, што нават самага зялёнага паэта-пачаткоўца прапускае ў элітны клюб жывых клясыкаў.

Але гэта ўжо іншая тэма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.