Управа Рассельгаснагляду па Цьвярской і Пскоўскай абласьцях абвінаваціла віцебскае прадпрыемства ААТ «Малако» ў фальсыфікацыі малочнай прадукцыі.
У заяве Ўправы Рассельгаснагляду адзначаецца, што выяўлена была неадпаведнасьць сыру, вырабленага ААТ «Малако», патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу.
«Тэхрэглямэнтам наяўнасьць у падобнай прадукцыі тлушчаў расьліннага паходжаньня не прадугледжана. Такім чынам, гаворка можа ісьці пра фальсыфікацыю малочнай прадукцыі: вытворцы замянілі ў сыры больш як 85% малочнага тлушчу на расьлінны», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Адзначаецца, што пра вынікі дасьледаваньня паведамілі адпаведным дзяржаўным органам «для прыняцьця мер у сфэры сваёй кампэтэнцыі», а таксама ўладальніку прадукцыі.
На прадпрыемстве ААТ «Малако» абвінавачваньне, выстаўленае расейскім наглядным органам, катэгарычна абвяргаюць.
«Ні пра якую фальсыфікацыю гаворкі быць ня можа, таму што наша прадукцыя, і сыры ў тым ліку, вырабляюцца толькі з натуральнага малака. Гэтая інфармацыя не пацьверджаная, памылковая. У дадзены момант нашы спэцыялісты займаюцца яе праверкай. Хутчэй за ўсё, мы будзем пісаць абвяржэньне і праводзіць дадатковыя дасьледаваньні», — заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю ААТ «Малако» Алена.
Яна дадала, што на дадзены момант ніякіх праблемаў з пастаўкамі прадукцыі прадпрыемства на расейскі рынак няма.
У панядзелак «Рассельгаснагляд» пачаў праверку шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць рыбную і малочную прадукцыю. Як паведамлялася на сайце ведамства, праверка будзе праходзіць на прадпрыемствах, якія неаднаразова дапускалі парушэньні пры пастаўках у Расею. Інспэкцыя мела скончыцца 23 кастрычніка.