На сьцяне аднаго з жылых дамоў у Менску 34-гадовы мастак Дзьмітрый Пісьляк разьмясьціў графічную ілюстрацыю па матывах карціны беларускага мастака Івана Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай».
Гэтай працай 34-гадовы Дзьмітры пачаў міжнародны праект. Ён плянуе маляваць карціны вядомых майстроў у чорна-белай графіцы ў іншых краінах. Яго працы зьявяцца ў Кіеве, Вільні, Бэрліне, Парыжы, Міляне, Барсэлёне і Нью-Ёрку.
У інтэрвію tut.by Дзьмітрый Пісьляк сказаў, што сёньня Менску не хапае свабоды самавыяўленьня.
«Каб людзі не баяліся рабіць тое, што яны насамрэч хочуць рабіць. Калі кожны пачне, то пакрысе мы будзем значна хутчэй разьвівацца. Але пакуль людзі заціснутыя і баяцца самавыяўляцца».
На ўзгадненьне графікі на сьцяне дома на вуліцы Карла Маркса мастак патраціў каля трох месяцаў. Ствараць графіку на сьцяне Дзьмітры пачаў 15 кастрычніка.
Дзьмітры вывучаў манумэнтальны жывапіс у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Затым стаў індывідуальным прадпрымальнікам і выконвае прыватныя замовы па афармленьні грамадзкіх інтэр’ераў.