«Белавія» 25 кастрычніка адкрые рэйс у Адэсу

  • БелаПАН
ААТ «Авіякампанія «Белавія» пачынае выкананьне рэгулярных палётаў па маршруце Менск — Адэса — Менск. Прэзэнтацыя рэйсу адбудзецца 25 кастрычніка ў міжнародным аэрапорце Адэса.
Як паведаміла прэс-служба «Белавія», у межах прэзэнтацыі прадстаўнікі авіякампаніі і аэрапорта раскажуць пра асаблівасці выкананьня новага рэйсу, пунктах сьледаваньня транзытных пасажыраў праз Менск, а таксама пэрспэктывы разьвіцьця беларуска-ўкраінскай супрацы ў галіне грамадзянскай авіяцыі. У ліку запрошаных гасьцей — губэрнатар Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі.

Варта адзначыць, што «Белавія» плянавала адкрыць дадзены рэйс летам 2016 года. Аднак у канцы верасьня ўкраінскія ўлады ўвялі санкцыі супраць шэрагу расейскіх авіяперавозьнікаў, забараніўшы ім палёты ва Ўкраіну і транзыт. У адказ на гэта ў Расеі забаранілі палёты ўкраінскіх перавозьнікаў. Цалкам прамы паветраны рух паміж Украінай і Расеяй можа спыніцца 25 кастрычніка.