Не зьявіліся супрацоўнікі ДАІ, якія затрымлівалі хлопцаў.
Судзьдзя Маскоўскага раёну Берасьця Раман Карабан перанёс паседжаньне на 30 кастрычніка на 16:00.
Адзін з затрыманых берасьцейцаў, Андрэй Кавальчук, распавёў Свабодзе, што 10 кастрычніка ён з трыма сябрамі — Глебам Грынбергам, Мікалаем Хатынюком, Дзьмітрыем Абрамуком — выехалі зь Берасьця ў Менск на «Шэсьце нацыянальнага сьцяга». Але іх машыну перапынілі супрацоўнікі ДАІ на выезьдзе з гораду:
«Ехалі на „Шэсьце нацыянальнага сьцяга“ і зьбіраліся застацца ў Менску на ноч, каб наведаць мітынг на Плошчы, паўдзельнічаць, выказаць сваю пазыцыю.
У даішнікаў была нейкая раздрукоўка, сказалі, што падобны да злачынца, прапанавалі праехаць зь імі».
Ужо ў пастарунку хлопцаў зьвінавацілі ў брыдкаслоўі і пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня да панядзелка, 12 кастрычніка.
У часе адбыцьця сутак, кажа Андрэй Кавальчук, да іх наведваўся супрацоўнік спэцслужбаў:
«Да гэтага ж нас перапісвалі, калі мы ехалі на матч Беларусь — Украіна ў Львоў. Магчыма, яны праслухоўваюць тэлефоны. Я з моманту выхаду з турмы Міколы Статкевіча ўвесь час наведваў мітынгі. І супраць вайсковых базаў...
Да гэтага ж нас перапісвалі, калі мы ехалі на матч Беларусь — Украіна ў Львоў. Магчыма, яны праслухоўваюць тэлефоны
З КДБ прыходзілі да нас туды. Пыталіся, як стаўлюся да сытуацыі ва Ўкраіне, Данбасе. Ці гатовы я прайсьці дэтэктар хлусьні на тыя пытаньні, што я быццам дзесьці ваяваў. Я сказаў, што згодны прайсьці. Я выяжджаў пару разоў у Львоў на матчы, але ня езьдзіў ні на які Данбас.
Падтрымліваю, канечне, цэласнасьць Украіны, але ваяваць не ваяваў».
Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін мяркуе, што ў міліцыянтаў перад выбарамі маглі быць сьпісы грамадзянаў, якіх пажадана затрымаць, каб не паехалі на Плошчу:
«Схема адпрацаваная гадамі. Пачынаючы з выбараў 2006 году была практыка прэвэнтыўных затрыманьняў.
Адкуль улады ведалі, што яны едуць на Плошчу? З таго часу, як перапісвалі іх на ўкраінскай мяжы, думаю, іх тэлефоны былі на праслухоўваньні.
Прагноз мой такі. Людзі адбылі двое сутак пакараньня. Гэта ім могуць улічыць, хоць і не абавязкова. Другі, горшы варыянт, — калі да гэтага адбытага тэрміну яшчэ дададуць штраф».