Барыс Забораў: Мы цяпер практычна напярэдадні трэцяй сусьветнай вайны

Барыс Забораў у майстэрні

16 кастрычніка сёлета споўнілася 80 гадоў мастаку Барысу Забораву. Ён нарадзіўся ў Менску ў 1935 годзе, пачаў сваю творчую кар’еру ў Беларусі як кніжны ілюстратар і мастак тэатру, у 1980 годзе зьехаў у Францыю, дзе жыве і дагэтуль.

У Беларусі Барыс Забораў шмат працаваў як кніжны графік і дызайнэр, адкрываючы для сябе і для чытачоў сьвет вобразаў Шэксьпіра, Пушкіна, Оскара Ўайлда, Рыгора Барадуліна, Максіма Танка. У 1966 годзе ён у тэхніцы лінагравюры стварыў сэрыю «Ілюстрацыі да вершаў Янкі Купалы», якія перадаў у фонды Купалавага музэю.

Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Найдзен Вылчаў і Барыс Забораў (зьлева направа)

Выданьні, ілюстраваныя Заборавым, атрымлівалі міжнародныя ўзнагароды. Кнігам, у якіх, паводле Барыса Заборава, «заключана чалавечая культура і думка», мастак прысьвяціў манумэнт «Кнізе і пісьменству», усталяваны ў 2007 годзе ў Ізраілі.

З 1980 году Барыс Забораў жыве ў Парыжы, дзе нарадзіўся як жывапісец з самабытнай манэрай пісьма. Яго палотны — вандроўкі мастака па родных мясьцінах — маюць непаўторны шарм, абуджаюць уяўленьне, запрашаюць у лябірынты мінуўшчыны. Пра сусьветнае прызнаньне мастака сьведчыць шэраг пасьпяховых выставаў у Францыі, Японіі, Нямеччыне, Італіі, Расеі. У 2008 годзе, упершыню за многія дзесяцігодзьдзі, галерэя Уфіцы ў Флярэнцыі набыла палатно сучаснага аўтара — «Аўтапартрэт з мадэльлю» Барыса Заборава.

У 2010 годзе ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Мінску прайшла першая пасьля шматгадовага перапынку выстава Барыса Заборава.

*

У год юбілею з мастаком сустрэлася парыская карэспандэнтка расейскай службы Радыё Свабода Натальля Канеўская.

У 20-й акрузе Парыжу, у маленькім завулку са сьмешнай назвай Курыны тупік, за ажурнай мэталічнай брамкай хаваецца ў прасторным садзе майстэрня Барыса Заборава.

Фасад дома колеру тасканскай тэракоты, высокія вокны, столі зь верхнім сьвятлом. Зь першага позірку, па яшчэ не завершаных палотнах, пазнаеш аўтара. Зблытаць Заборава зь іншым мастаком немагчыма.

Яго творчасьць, пабудаваная на маляўнічай інтэрпрэтацыі старых студыйных фатаздымкаў, як адзначаюць многія крытыкі і гісторыкі мастацтва, унікальная ў сваім родзе. Яна цесна прывязана да стагодзьдзя, бо да зьяўленьня фатаграфіі была б немагчымая. «Сёньня мастацтва страціла чалавека, — заўважыў у нашай гутарцы мастак. — Як у Чэхава — «...а пра чалавека забыліся». Менавіта чалавек стаіць у цэнтры ўвагі ў жывапісе Заборава.

Кар’еру мастака Барыс Абрамовіч пачынаў у Менску, у якасьці кніжнага графіка і мастака тэатру. «Сярод маіх блізкіх сяброў былі дысыдэнты. Але актыўнага ўдзелу ў дысыдэнцкім руху я ніколі не прымаў», — распавядае Забораў. Гэта не перашкодзіла ўладам правесьці ператрус у яго майстэрні, у навагоднюю ноч 1978 году.

У Францыю ён зьехаў у 1980 годзе. Мастак расказвае:

Ня ведаю, ці можна было больш пагарджаць савецкай уладай, чым пагарджаў ёю я.

«Калі я прыехаў у Парыж, на другі дзень у мяне быў нейкі францускі журналіст. Я па-француску — ані слова, быў перакладчык, і першае пытаньне, якое задае мне журналіст: „Вы зьехалі, вядома, з палітычных меркаваньняў?“ І паспрабаваў павярнуць размову выключна ў гэтае рэчышча. І я адразу яму сказаў тады — а значыць, гэта было ў маёй сьвядомасьці — не, я ня зьехаў з палітычных меркаваньняў. Твар у яго пацямнеў. І я адчуў, што ён цалкам страціў цікавасьць да мяне. І тым ня менш, жывучы тут, я ўсё больш пераконваюся, што зьехаў не з палітычных меркаваньняў. Хоць я ня ведаю, ці можна было больш пагарджаць савецкай уладай, чым пагарджаў ёю я. Яна мне была ненавісная, яна мяне зьнішчала. Не фізычна. Не хапала кіслароду. А самае галоўнае, як выйшла ў канчатковым рахунку: я ня мог займацца тым, да чаго я сябе рыхтаваў ўсё жыцьцё — займацца жывапісам. Там гэтым займацца я ня мог. І таму я цалкам сышоў у кніжную графіку. Гэтая сфэра менш усяго кантралявалася ідэалягічнымі структурамі, таму што яна, як бы там ні было, вызначалася літаратурным зьместам таго, што я ілюстраваў».

Францыю Забораў лічыць роднай краінай:

Мне ня трэба занадта шмат інфармацыі, каб адчуць атмасфэру, якая мне ўяўляецца сёньня вельмі небясьпечнай.

«Менавіта тут я знайшоў сябе. Што можа быць больш каштоўным у жыцьці мастака, чым гэтае адчуваньне і месца, дзе ён можа займацца сваім рамяством? Мне ня трэба занадта шмат інфармацыі, каб адчуць атмасфэру, якая мне ўяўляецца сёньня вельмі небясьпечнай. Ня толькі для Расеі і для расейскага народу, але для сьвету. Мы цяпер практычна напярэдадні трэцяй сусьветнай вайны. Я не аптыміст і разумею выдатна, што можа адбыцца ў любы момант».

«Гісторыя, якая перапісваецца пад кожнага новага дачасніка, ня можа выхаваць годнага чалавека. Я нарадзіўся ў гады, калі люта бурыліся храмы. Калі зьнішчалася ўсякая царкоўнасьць. Калі папоў вешалі на рэях іх уласных прыходаў. Калі зрывалі купалы. Калі ператваралі храмы ў сховішчы гнілой бульбы. І тыя, хто кіраваў гэтым працэсам, пачынальнікі ўсяго гэтага зла, паводле так званых рэйтынгаў, застаюцца высока папулярнымі ў гэтай краіне. Папы занялі ўсю грамадзкую прастору. Яны мерацца пацалаваць ручку чалавеку, які зьяўляецца практычна спадкаемцам тых арганізацый, якія іх зьнішчалі. Бо, урэшце, што памянялася? Памяняліся абрэвіятуры. Сутнасьць засталася. У Маскве стаіць саркафаг. Дзікунства абсалютнае. У саркафагу — пудзіла, напханае саломай, таго чалавека, які разбурыў Расею. На непасрэдны загад якога, разам зь яго пасьледышамі, былі зьнішчаны мільёны і мільёны людзей, уласнага народу. Людзей простых, таленавітых, геніяльных. У той самы час, за пяцьсот мэтраў ад гэтага саркафага ўзводзіцца гэты недарэчны будынак сабора Хрыста Збаўцы. Гэтыя царкоўнікі, для якіх звычай пахаваньня мёртвых зьяўляецца прынцыповай хрысьціянскай традыцыяй, не абвясьцілі анатэму гэтаму чалавеку, які, паводле рэйтынгаў, займае пасьля „богачалавека“ [Сталіна] другое месца. І ўсе яны так міла ўжываюцца. І гэтыя царкоўныя герархі ніколі не рабілі спробы пакаяньня, пра якое казалі і Салжаніцын, і Астаф’еў, і многія іншыя нармальныя людзі ў Расеі. Як можа арыентавацца новае пакаленьне расейскіх людзей ва ўсім гэтым бязладзьдзі? Льву Мікалаевічу Талстому папы абвясьцілі анатэму, а нашчадкі ўзурпатараў сёньня прыходзяць у храм і жагнаюцца. Як усё гэта можа сумясьціць сьвядомасьць чалавека, які ня жыў у тыя часы, але які хоць трохі думаючае і які знаёмы з гісторыяй Расейскай дзяржавы?»

Барыс Забораў кажа, што і заходні сьвет — не ідэальнае грамадзтва, але нават калі ідэальная дэмакратыя немагчымая, заходнеэўрапейскія краіны хоць неяк ідуць да той мэты, якую гэтае слова ў сабе заключае:

«Я не палітык, я мастак і не бяруся аналізаваць сытуацыю, у якой і сам ня вельмі добра разьбіраюся, — адказвае Забораў на пытаньне аб тым, ці здольная, на яго думку, Расея жыць па прынцыпе заходняй дэмакратыі. — Гэта больш азіяцкая, чым эўрапейская краіна, і ўлада ў ёй таксама пабудавана больш паводле азіяцкага прынцыпу. Назавіце мне хоць адзін прыклад, калі б уладары гэтай краіны добраахвотна саступілі ўладу, у выніку свабодных выбараў. Я асабіста такіх прыкладаў ня ведаю».

У асобе ўкраінскага народу, лічыць Барыс Забораў, Расея нажыла сабе страшнага ворага, і вельмі надоўга:

«Сёньня расейскія СМІ кажуць, што ва Ўкраіне бандэраўская ўлада. Якое ж гэта агіднае шальмаваньне. Якая пачварная падмена фактаў! Гэта тое самае, як калі б сёньня нехта сказаў, што ў Расеі ўласаўская ўлада. Ці ўлада гапонаў, што было б бліжэй да ісьціны».