Дзе ўзяць бел-чырвона-белую стужку?

Зьміцер Афанасенка (зьлева) і Павал Белавус з новай пратыяй бел-чырвона-белых стужак

Дзяржаўная магілёўская фабрыка «Лента» адгрузіла 5 кілямэтраў бел-чырвона-белай стужкі, якую «АртСядзіба» замовіла ў прадпрыемства яшчэ летам.

Да замовы фінансава спрычыніліся некаторыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Радыё Свабода пацікавілася ў іх, а таксама ў АртСядзібы, якім чынам будзе распаўсюджвацца стужка і што трэба зрабіць, каб яе займець. Вось якія адказы мы атрымалі.

1. Можна зрабіць рэпост у сацыяльных сетках

Падзяліўшыся ў сацыяльных сетках допісам АртСядзібы з фатаздымкам бел-чырвона-белых стужак, вы атрымліваеце права займець невялікі кавалак, якім можна аздобіць заплечнік, ровар ці лабавое шкло аўто. Гэтая акцыя праходзіць у Фэйсбуку, «Укантакце», Твітэры і Інстаграме АртСядзібы.

2. Можна зрабіць замову на symbal.by

У якасьці бонуса да замовы будзе далучана бел-чырвона-белая стужка.

3. Можна стаць спонсарам наступнай партыі стужак

Калі ёсьць жаданьне атрымаць вялікі кавалак стужкі, то гэта можна зрабіць, ахвяраваўшы на выраб наступнай партыі. Дзеля гэтага трэба наведаць офіс АртСядзібы.

Павал Белавус з новай партыяй бел-чырвона-белых стужак

«Невялікі кавалак мы заўсёды дамо тым, хто завітае на АртСядзібу. Калі трэба больш, то будзем рады ахвяраваньню — бо мяркуем працягваць супрацу з фабрыкай „Стужка“ і рабіць наступныя замовы там. Калі камусьці для асабістых мэтаў патрэбныя 100 ці 200 мэтраў бел-чырвона-белай стужкі, то можна набыць па кошце, блізкім да сабекошту», — сказаў Свабодзе дырэктар АртСядзібы Павал Белавус.

4. Можна зрабіць замову на imbryk.by

Да кожнага закупу будзе прыкладацца цэлы бел-чырвона-белы мэтар. Як адзначае прадпрымальнік Алесь Мазанік, гэта выдатны маркетынгавы крок:

Алесь Мазанік

«Такім чынам я паляпшаю выбар сваіх кліентаў, а таксама павялічваю свае перавагі перад канкурэнтамі. Пры замове любога тавару на imbryk.by усе будуць атрымліваць мэтар стужкі ў якасьці бонуса. З 5 тысяч мэтраў мне належыць 1 тысяча. Такім чынам, 1000 замоваў будуць дакамплектаваныя стужкай».

5. Можна прыйсьці на Дзяды ці на адзначэньне гадавіны Слуцкага збройнага чыну

Адным з фундатараў замовы стала Партыя БНФ. Стужкі, якія цяпер знаходзяцца ў яе сядзібе, будуць бясплатна распаўсюджвацца на традыцыйных восеньскіх вулічных акцыях — шэсьці ў Курапаты на Дзяды, акцыях памяці Слуцкага збройнага чыну і ўшанаваньня герояў паўстаньня 1863 году ў Сьвіслачы.

Шэсьце ў Курапаты на Дзяды, архіўнае фота

6. Можна наведаць Вільню на Дзень Волі

Частка партыі бел-чырвона-белай стужкі адправіцца ў Літву. Кірыл Атаманчык, старшыня арганізацыі «СтудАльянс», якая дзейнічае ў Вільні, кажа, што распаўсюджвацца яна будзе бясплатна падчас традыцыйных беларускіх імпрэзаў:

Кірыл Атаманчык

«Стужка будзе распаўсюджвацца на беларускіх сьвятах у Вільні, напрыклад, на Дзень Волі. Таксама мы заўжды ладзім талаку на Дзяды, і стужка спатрэбіцца дзеля ўшанаваньня памяці нашых славутых продкаў».

7. Можна замовіць стужку на магілёўскай фабрыцы «Стужка»

Праўда, мінімальная замова — 5 тысяч мэтраў, каля 2 тысяч даляраў.

Дырэктар АртСядзібы Павал Белавус лічыць, што прадпрымальнікі не павінны баяцца выпускаць сувэнірную прадукцыю з нацыянальнай сымболікай — гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сьцягам.

«Як паказаў наш прэцэдэнт, няма нічога немагчымага. Дзяржаўная фабрыка вырабіла спачатку стужку з арнамэнтам, а цяпер — і бел-чырвона-белую. Ня трэба стрымлівацца і баяцца. Рэчы і сувэніры з нацыянальнымі сымбалямі вельмі папулярныя, іх з задавальненьнем бяруць і для сябе, і ў якасьці падарункаў».

Павал Белавус дадаў, што акцыя з масавай раздачай стужкі зь бел-чырвона-белым сьцягам адбудзецца тады, калі знойдзецца спонсар для замовы наступнай партыі.