У Нацыянальным гістарычным музэі ў Менску адбылася прэзэнтацыя беларускамоўнага праекту «Музэй дзецям з velcom».
Гэта культурна-адукацыйны праект, скіраваны на вывучэньне беларускай гісторыі, культуры і мовы. Удзельнікам імпрэзы прапанавалі інтэрактыўную прастору, якая ўяўляе сабой адмыслова абсталяваныя залі з сучасным тэхнічным начыньнем, а таксама электронны гістарычны беларускамоўны часопіс «Музэйныя вандроўкі».
Праграма «Музэй дзецям з velcom» распрацаваная для дзяцей ад 3 да 12 гадоў і скіраваная на вывучэньне гісторыі, культуры і мовы ў гульнявой форме для наймалодшых: у тэатральнай залі дзеці могуць браць удзел у батлеечным тэатры, павучыцца самім ткаць, паўдзельнічаць у археалягічных раскопках. Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту распрацаваны лекторый, які музэйнымі сродкамі падае гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Электронны часопіс «Музэйныя вандроўкі» можна спампаваць на сайце Нацыянальнага гістарычнага музэю.
Your browser doesn’t support HTML5
Навуковы супрацоўнік музэю Дар’я Астрагаловая паведаміла, што наведаць інтэрактыўныя залі могуць дзеці групамі да дзесяці чалавек, а таксама паасобныя наведнікі. Праграма заняткаў разьлічаная на паўтары гадзіны. Да канца году дзейнасьць праекту прафінансавала кампанія «Вэлком». Аднак інтэрактыўныя залі застануцца ў музэі і надалей, паведаміла Дар’я Астрагаловая:
«Гэта першы буйны праект музэю з кампаніяй „Вэлком“. Спадзяёмся, што ён будзе цікавы для ўсіх — і дарослых, і дзяцей. Ён каштоўны тым, што папулярызуе гісторыю Беларусі ў забаўляльнай і пазнавальнай форме. Наш праект скіраваны на тое, каб паказаць дзецям і іх бацькам, якія часам чамусьці ня ведаюць, што Беларусь — гэта краіна са шматвяковай гісторыяй. Што гэта сапраўды эўрапейская краіна, у якой былі свае тыя ж рыцары, дамы, замкі, скарбы і палацы».
Для кампаніі «Вэлком» гэта ня першы дабрачынны праект, скіраваны на папулярызацыю нацыянальных духоўных каштоўнасьцяў. Днямі была прэзэнтаваная праграма для школаў «Чытаем па-беларуску з Вэлком». Таксама не ўпершыню створаная праграма для музэяў, паведаміў Свабодзе начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў кампаніі «Вэлком» Вячаслаў Сьмірноў:
«Гэты праект асаблівы. Бо для кампаніі „Вэлком“ ёсьць два кірункі дабрачыннай дзейнасьці: дзеці і нацыянальная ідэнтычнасьць. Дык вось у гэтым праекце гэтыя два кірункі аб’яднаныя. Я лічу, што карпаратыўная сацыяльная адказнасьць для любой кампаніі, у тым ліку для такой буйной кампаніі, як „Вэлком“, — гэта неабходнасьць. Мы працуем на гэтым рынку, а таму павінны клапаціцца пра тых людзей, якія спажываюць нашы паслугі, якія жывуць у Беларусі».
Як паведаміў Вячаслаў Сьмірноў, скіраванасьць на працу зь дзецьмі і папулярызацыю нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў была вызначаная супольна кіраўніцтвам і супрацоўнікамі кампаніі «Вэлком».