Ястрамбель: у кадэта адабралі цішотку з «Пагоняй»

Вучні паведамляюць, што аўтар нашумелага здымку з «Пагоняй», магчыма, яшчэ ня выйшаў на вучобу, што супярэчыць афіцыйнай інфармацыі.

Як распавялі Свабодзе навучэнцы кадэцкай вучэльні ў Ястрамбелі, аўтар здымку ня выйшаў на вучобу ў панядзелак, а падобна што і ў аўторак, 20 кастрычніка. Намесьнік дырэктара тым часам паведамляў, што на вучобу выйшлі ўсе чатыры хлопцы са здымку, у тым ліку той, якога бацькі забіралі дамоў.

«Ён зьехаў яшчэ ў пятніцу, яго забралі па заяве бацькі, няма яго і да гэтага часу, — распавёў Свабодзе ў ноч на аўторак адзін з навучэнцаў. — Падобна, што застаўся па стане здароўя, на даведцы. Таксама вядома тое, што празь яго ягонага бацьку зьнялі з камандзірскай пасады і што бацька прыяжджаў і сказаў, што забярэ сына з вучэльні».

Іншы навучэнец паведамляе, што аўтар фота нібы не зьявіўся на вучобе і ў аўторак, хоць падобна, што пакуль пра яго адлічэньне гаворкі не вядзецца.

«У пятніцу, 16-га, яго забралі, а вось ці вярнуўся ён, ці не, я ня ведаю. Казалі, што яго забралі дамоў на выходныя. Але яго не адлічылі, — кажа трэці. — Ужо не пагражаюць, але сёньня ў аднаго навучэнца аднялі майку з „Пагоняй“».

Пра тое, што адлічэньне не пагражае нікому з чатырох хлопцаў, казалі і ў Міністэрстве адукацыі, і ў дырэкцыі вучэльні. Тым часам вучні апавядалі Свабодзе, што ім «прапаноўвалі» перавесьціся ў іншую навучальную ўстанову. Як перадаў адзін з вучняў словы дырэктара вучэльні, канчатковае рашэньне будзе прынятае пасьля вакацыяў, а яны скончацца 2 лістапада.

Як расказаў адзін з вучняў баранавіцкаму выданьню Intex-press, кадэтам забараняюць размаўляць са СМІ, хоць тыя намагаюцца падтрымаць чатырох хлапцоў, у тым ліку праз кантакты з журналістамі.

«Многія выхавацелі глядзяць на іх як на ворагаў народа. Быццам бы хлопцы зрабілі нешта звышнатуральнае», — казаў кадэт.

Тым часам у сацсетках трывае акцыя #пагоняпобач у падтрымку кадэтаў зь Ястрамбеля. У ноч на 20 кастрычніка фота зь цішоткай з «Пагоняй» выклаў яшчэ адзін юны кадэт, які перадаў «прывітаньне Баранавічам зь Берасьця».