Беларускія прадпрыемствы гандлююць з самаабвешчанымі «ДНР» і «ЛНР». Толькі цяпер фуры езьдзяць у Данецк праз Расею, а ня праз Украіну. Жыхар Івацэвічаў Іван Мігно ўпершыню вазіў прадукты ў Данецк праз Расею. Наняўся вучнем кіроўцы да менскага прадпрымальніка, які пастаўляе ў самаабвешчаную «ДНР» цукар.
Кажа, думаў падзарабіць — паабяцалі каля 200 даляраў за 10 дзён. Знайсьці такі заробак у Івацэвічах, паводле ягоных словаў, праблематычна.
Паехалі праз Расею вакол Украіны:
«Праз Растоў, Таганрог праяжджалі. За дзён 10 павінны былі зьезьдзіць. А былі два тыдні. Доўга стаялі на выгрузцы ў самім Данецку», — апавёў Іван.
Суразмоўца кажа, што мяжа паміж Расеяй і гэтак званай «ДНР» праходзіцца хутка:
На расейскай мяжы — чысьціня і парадак, а там — стаіць мэталапрофіль прастрэлены, увесь у дзірках. Не прыбрана нічога.
«На расейскай мяжы — чысьціня і парадак, а там — стаіць мэталапрофіль прастрэлены, увесь у дзірках. Не прыбрана нічога. Ніякіх пытаньняў на мяжы, толькі на блёкпастах напісана — выключыць сьвятло, іначай расстраляюць, калі ўначы...»
Праехаўшы мяжу, кажа Іван, бачыш «рэха вайны» ў навакольных вёсках:
«Стрэхі новыя, і горы шыфэру ў вёсках ляжаць. А ў горадзе незаўважна, што нешта было, хіба што стрэхі новыя. У самім Данецку. Пасьля мяжы як заяжджаеш у горад — блёкпост стаіць. На блёкпастах ніякіх дакумэнтаў не пыталі — раней канвой суправаджаў, у самім горадзе паказваў, куды што везьці. А цяпер проста пад’яжджаеш „на габарытах“, ён падыходзіць, бачыць — беларус. Усё, стартуй.
Там безуладзьдзе пакуль. Баевікі сьцягоў наўторкваюць ды лётаюць, дарогу ім саступай.
Там, карацей, безуладзьдзе пакуль. Баевікі сьцягоў наўторкваюць ды лётаюць, дарогу ім саступай. „Камаз“ ці „Ўрал“, чуеш, раве ззаду, бачыш у люстэрка — ён па сярэдняй, па суцэльнай лініі... Убок ад’яжджаеш, прапускаеш — усё, яны паехалі... Калі ён едзе — то ён едзе. Ім ні палосы, нічога ня пісана, гэта даішнікі нумар два, можа, і яшчэ круцейшыя».
Пытаюся, ці вайскоўцы там на тых «Уралах»:
«Ну, вайскоўцы, як у нас, толькі там... Нармальныя вайскоўцы, карацей», — са сьмехам кажа Іван Мігно.
З аднымі такімі «вайскоўцамі», якія спынілі фуру Мігно ў самім Данецку, у яго здарылася канфліктная сытуацыя з-за няўдалага жарту:
«Спыталі, куды еду. Я кажу — „любімым хахлам цукар вязу“. Кажуць, што яны не „хахлы“, а „дээнэраўцы.“ І ляснуў аўтаматам у грудзі...»
Кажуць, што яны не „хахлы“, а „дээнэраўцы.“ І ляснуў аўтаматам у грудзі...
Іван кажа, што пажартаваць так ён вырашыў, калі яго назвалі «бульбашом». І не падумаў, што сэпаратыстаў можа раззлаваць ягоны адказ — тое, што ён іх назваў «хахламі».
Спадар Мігно распавядае, што ў Данецку ягоную з напарнікам фуру некалькі дзён не разгружалі, давялося стаяць каля складоў.
«Ня ведалі, куды разгрузіць. Там, мусіць, чатыры фуры стаялі з цукрам. Сядзелі ў машыне, слухалі, як бахкае — выбухі, страляніна. Але гэта дзесьці за горадам, у самім горадзе няма нічога. Прыколваліся сядзелі, калібар па гуку ўгадвалі — гэта 5,56, гэта 7,62 затарахцелі аўтаматы... Раніцай прачынаемся, пытаемся: „Жывы?“ Ну, і я жывы. Падняліся, кавы папілі, ды нармальна».
Зьдзівіла, распавядае Іван, што ў Данецку нізкія цэны:
Нашмат таньней. Нават узяць тую ж гарэлку — у нас 70 тысяч, а там на нашы грошы — 26 тысяч.
«Нашмат таньней. Нават узяць тую ж гарэлку — у нас 70 тысяч, а там на нашы грошы — 26 тысяч. У іх ужо расейскія грошы ходзяць. Піва двухлітровае — 40 рублёў, гэта нашых 12,5 тысячы. «Аліварыя», па-мойму.
Кажа, людзі ўжо прывыклі да вайны:
«Будуюцца людзі, ходзяць на працу, усё як трэба. Назад як выяжджалі, то дзяцей завозілі, на мяжы аўтобусы стаялі. З Расеі ўжо ў Данецк везьлі. Людзі казалі, як гуманітарка прыходзіла, то яны яе ня бачылі. Гуманітарка ішла на тое, каб карміць гэтых ваяк. Мы як выяжджалі, якраз заходзіў канвой з гуманітаркай з расейскага боку».
Іван Мігно распавёў, што былі ў Данецку і іншыя беларускія фуры. Кажа, што не баяцца туды езьдзіць зь Беларусі:
Ніхто там нават пра гэта і ня думае, пра страх ці што. Ад жонак крыху ўтойваюць, ды ўсё
«Ніхто там нават пра гэта і ня думае, пра страх ці што. Ад жонак крыху ўтойваюць, ды ўсё».
Спадар Мігно распавядае, што паездка аказалася нявыгадная: шмат перастаялі, машына ламалася, таму заробак выйшаў невысокі. Цяпер Іван працуе кіроўцам у дзяржаўнай івацэвіцкай арганізацыі. Але, нягледзячы на тое, што атрымаў у Данецку прыкладам у грудзі, кажа, што не выключае ў будучыні паездкі з прадуктамі ў самаабвешчаную «ДНР». Калі «жыцьцё прымусіць шукаць заробку», — патлумачыў Іван Мігно.