Пагоня побач: яшчэ адзін кадэт выклаў фота з "Пагоняй"

Цяпер гэта "прывітаньне Баранавічам зь Берасьця".

У ВК-суполцы «Мая краіна Беларусь» зьявілася фота яшчэ аднога юнака зь цішоткай з «Пагоняй» пад формай. На гэты раз яно падпісана «Прывітаньне Баранавічам зь Берасьця».

Аўтар фота, падпісаны як Яўген Яўгенаў, пазначыў «УКантакце» сваім месцам навучаньня бізнэс-школу ў Барсэлёне, хаця, мяркуючы па ўсім, навучаецца ў Беларусі і не раскрывае сапраўднае месца вучобы публічна.

Яго старонка ўтрымлівае нямала патрыятычных фота, у аўдыёзапісах сярод іншага Brutto і Noize MC. Пазначаны (часткова схаваны) беларускі нумар тэлефону, сярод яго здымкаў ёсьць фота «Віртуальнага Берасьця», на якім ён на парадзе сярод вучняў у форме часоў Другой сусьветнай. Сямейны статус — закаханы.

«Гэта наш родны герб, я вырашыў падтрымаць хлопцаў з кадэцкай школы-інтэрнату, — распавядае Яўген Свабодзе. — А ў Берасьці школаў многа. І, у прынцыпе, ёсьць дастатковая колькасьць маіх равесьнікаў у мяне ў горадзе, якія падтрымліваюць наш родны герб, а таксама прапаганду яго».

Такі самы здымак запампаваны ў Instagram-акаўнт @evgenyevgenev. Там жа можна знайсьці другое фота хлопца ў форме, але яшчэ і ў фуражцы:

У пятніцу, 16 кастрычніка кадэты з вучэльні ў Ястрэмблі, што пад Баранавічамі, выклалі ў тую ж суполку сваё фота, дзе з-пад формы паказваюць цішоткі з «Пагоняй». Як паведамілі самі хлопцы і іншыя навучэнцы ўстановы, за гэтае фота ім пагражалі адлічэньнем. Па афіцыйнай інфармацыі, у тым ліку заяве Міністэрства адукацыі, пытаньне аб іх адлічэньні з вучэльні не разглядаецца. Па зьвестках ад навучэнцаў, адзін з хлопцаў на фота ўсё яшчэ не вярнуўся на вучобу, яму «намякаюць» на перавод у іншую навучальную ўстанову.

У інтэрнэце пачалася акцыя ў падтрымку кадэтаў з Ястрэмбеля пад хэштэгам #пагоняпобач. Інтэрнаўты сталі часьцей цікавіцца, дзе набыць цішотку з «Пагоняй».