У Берасьці 21 кастрычніка працягнецца судовы працэс над Андрэем Кавальчуком, Глебам Грынбергам, Мікалаем Хатынюком і Дзьмітрыем Абрамуком, якія меліся ўзяць удзел у «шэсьці нацыянальнага сьцяга» ў Менску 10 кастрычніка.
10 кастрычніка каля 11 гадзіны аўтамабіль «Рэно», у якім ехалі хлопцы, на выезьдзе зь Берасьця спынілі супрацоўнікі ДАІ.
«Яны заявілі, што я падобны да чалавека, на якога ў іх ёсьць арыенціроўка на вышук. Людзі ў цывільным адзеньні абшукалі „Рэно“ і нас. Потым даставілі ў Маскоўскі РАУС Берасьця. У міліцыі на нас склалі адміністрацыйныя пратаколы за тое, што мы нібыта нецэнзурна лаяліся, і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня», — распавёў БелаПАН Андрэй Кавальчук.
12 кастрычніка маладых людзей даставілі з ізалятара ў суд Маскоўскага раёну Берасьця. У судзе яны віны не прызналі і заявілі, што лічаць затрыманьне незаконным. Судзьдзя перанёс пасяджэньне на 21 кастрычніка і выклікаў сьведак-міліцыянтаў. Пасьля гэтага хлопцаў адпусьцілі.