Прэм’ер Фінляндыі: Крызіс зь мігрантамі стварыў невыносную сытуацыю ў ЭЗ

«У цяперашні час сытуацыя невыносная, таму што шэнгенская сыстэма не працуе. На зьнешніх межах не праводзяць меркаваныя дамовай праверкі», — сказаў фінскі прэм’ер-міністар у апублікаваным сёньня інтэрвію газэце Kaleva.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНІАН.

«Для пачатку трэба, каб запрацавалі арганізацыйна-разьмеркавальныя цэнтры на зьнешніх межах, адтуль ужо праз добраахвотную сыстэму (прыёму) ўцекачы будуць накіроўвацца далей», — дадаў фінскі палітык.

Паводле новых ацэнак фінскага МУС, якія былі апублікаваныя ў нядзелю, у краіну да канца году могуць прыехаць 30-35 тысяч шукальнікаў прытулку. Прагноз быў скарэктаваны, паколькі на працягу мінулага тыдня ў Фінляндыю стабільна прыбывала менш мігрантаў, чым да гэтага. Раней іх было 350-500 чалавек на суткі, цяпер — 200 і менш.

Акрамя гэтага міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер напярэдадні візыту ў Савудаўскую Арабію заклікаў яе і іншыя краіны Пэрсыдзкага заліву ўзяць удзел у лёсах мільёнаў уцекачоў, якія хаваюцца ад вайны ў суседніх дзяржавах.

«Салідарнасьць не павiнна абмяжоўвацца толькі Эўропай. Дзяржавы Блізкага Ўсходу таксама нясуць вялікую адказнасьць за пераадоленьне крызісу з уцекачамі», — сказаў нямецкі міністар, перадае ZN.UA са спасылкай на AFP.

Франк-Вальтэр Штайнмаер правядзе сустрэчу з каралём Савудаўскай Арабіі Сальманам, сваім калегам Адэль аль-Джубэйрам і кіраўніком Рады супрацоўніцтва краінаў Пэрсыдзкага заліву. На парадку дня стаяць канфлікты ў Сырыі і Емэне, барацьба супраць тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» і дапамога мігрантам.