Янукевіч бярэ віну за падтрымку Караткевіч на сябе

Аляксей Янукевіч

Падчас паседжаньня сойму Партыі БНФ 17 кастрычніка старшыня арганізацыі Аляксей Янукевіч заявіў, што падтрымка напачатку выбарчай кампаніі экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч была ягонай асабістай памылкай.

Яшчэ ўлетку Партыя БНФ прыняла рашэньне аб падтрымцы кандыдатуры Караткевіч як прадстаўніцы кааліцыі «Народны рэфэрэндум». Актывісты нават бралі ўдзел у зборы подпісаў за яе вылучэньне, аднак у апошнія дні жніўня кіраўніцтва партыі адмовілася ад супрацы з грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду», да якой Караткевіч і належыць.

Як зазначыў спадар Янукевіч, ён здагадваўся, якія мэты перасьледуе «Гавары праўду», але былі спадзяваньні, што Караткевіч стане кандыдатам ад «Народнага рэфэрэндуму» — гэта дазволіла б захаваць балянс інтарэсаў у кааліцыі. «Аднак стала відавочна, што кіраўніцтва „Гавары праўду“, атрымаўшы свайго кандыдата ў прэзыдэнты, было не настроена дамаўляцца», — падкрэсьліў Аляксей Янукевіч.

Партыйны лідэр спадзяецца, што своечасовая адмова ад падтрымкі Тацяны Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах дазволіла «мінімізаваць» нэгатыўныя наступствы першапачатковага рашэньня.