Экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, былы палітзьняволены Мікола Статкевіч заклiкае неабыякавых грамадзянаў сабрацца 29 кастрычніка а 18.30 ля сьценаў будынкаў Камітэту дзяржбясьпекі i Мiнiстэрства ўнутраных спрау ў Менску, каб са сьвечкамi у руках стварыць ланцуг памяцi ахвяраў сталiнiзму i нагадаць нашчадкам iх катаў пра адказнасьць за тыя злачынствы.
На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікола Статкевіч напісаў:
«29 кастрычнiка — чорная дата беларускай гiсторыi. У гэты дзень у 1937 годзе супрацоўнікі НКВД расcтралялі больш за 100 дзеячаў нашай культуры, пераважна пiсьменьнiкаў.
Сталiнскiя каты ведалi, што рабiлi. Менавiта „людзi слова“ ствараюць духоўны падмурак нацыi, безь якога яна пераўтвараецца у статак. Мы вiнаватыя перад нашымi пакутнiкамi, бо каты, якiя зьнiшчылi iх ды сотнi тысячаў iншых беларусаў, дагэтуль не асуджаныя i лiчацца героямi. Таму сучасныя нашчадкi катаў сьмела iдуць iх шляхам. Зноў яны ў сваiх турмах катуюць патрыётаў Беларусi. Калi грамадзтва забываецца на свае трагедыi, яны могуць паўтарацца.
Заклiкаю тых, хто гатовы, прыйсьцi ўвечары 29 кастрычніка да будынкаў КДБ i МУС на праспэкце Скарыны (цяпер праспэкт Незалежнасьці), каб стварыць ланцуг памяцi ахвяраў сталiнiзму».