Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў краіне прайшлі па стандартах АБСЭ, ПАРЭ, ААН.
«Мы спрабавалі аднавіць адносіны з Эўрапейскім Саюзам, адным з нашых асноўных гандлёва-эканамічных партнэраў. Я гэтага не хаваў, мы зрабілі ўсё, што папрасілі нашы партнэры. Пасьля выбараў было пастаўлена пытаньне, што далей. Прыйшлося прызнаць, што ў Беларусі выбары прайшлі ў адпаведнасьці нават з тымі стандартамі, якіх у нас няма, але якіх ад нас патрабуюць пастаянна ў ААН, АБСЭ, ПАРЭ і іншых структурах», — цытуе БелТА заяву Лукашэнкі на пасяджэньні рады кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім складзе.
Лукашэнка адзначыў, што ня вёў выбарчай кампаніі.
«Ня мог весьці. Праз столькі гадоў працы прэзыдэнтам нешта даказваць, напэўна, непрыстойна», — сказаў ён.
Ён канстатаваў, што выбарчая кампанія была цяжкай для Беларусі, і зьвярнуў увагу сваіх калегаў на тое, што нешта падобнае чакае ўсе краіны СНД.
«Давядзецца вельмі карэктна даказваць сваю магчымасьць кіраваць дзяржавай», — падкрэсьліў кіраўнік Беларусі.