Паводле агенцтва, ёсьць зьвесткі, што ў так званай ДНР нэўтралізаваныя цэлыя батальёны, камандзіры якіх ня хочуць ісьці на саступкі ўкраінскім уладам у фармаце менскіх дамоўленасьцяў. У сувязі з гэтым шэраг падразьдзяленьняў абвешчаныя па-за законам, а байцы асабовага складу — злачынцамі.
Вязьні сумна вядомых данецкіх падвалаў, пераўтвораных у катавальні, у размове з журналістамі апавядаюць, што зь іх зьдзекуюцца ўчорашнія саслужыўцы, часьцяком у ход ідуць катаваньні. Пры гэтым сэпаратыстаў кідаюць у адны камэры разам з украінскімі ваеннапалоннымі. Абвінавачаныя, у сваю чаргу, лічаць здраднікамі ваеннае кіраўніцтва ДНР і ЛНР, якія адмовіліся ад ідэя так званай Наваросіі і «прадаліся» Захаду.
На пачатку кастрычніка ў Парыжы адбылася сустрэча лідэраў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі адносна сытуацыі ў Данбасе. Па выніках перамоваў удзельнікі адзначылі недапушчальнасьць правядзеньня «мясцовых выбараў» 18 кастрычніка і 1 лістапада на Данбасе і дасягнулі дамоўленасьцяў, што ўсе выбары павінны адбывацца выключна паводле ўкраінскіх законаў.