Над гэтым пытаньнем разважае Максім Самарукаў, намесьнік галоўнага рэдактара Маскоўскага Цэнтру Карнэгі.
Рэгулярныя пераабраньні Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі з вынікам каля 80% ужо даўно сталі звыклай часткай постсавецкай пэйзажу і не прыцягваюць да сябе амаль ніякай увагі. Але цяперашняе яго пераабраньне ўсё-ткі было асаблівым — гэтым разам Лукашэнка адмовіўся ад размоваў пра інтэграцыю з Расіяй. Прыярытэтамі ў зьнешняй палітыцы ў кандыдата Лукашэнкі раптам апынуліся наладжваньне адносін з Эўразьвязам і нават з ЗША, а Расея ператварылася ў пагрозу для беларускай дзяржаўнасьці — наўпрост не названую, але відавочную. Агульная ідэя ў тым, што абарона ад гэтай небясьпекі — справа няпростая, і калі некаму яно і пад сілу, то толькі такому дасьведчанаму дзяржаўніку, як Лукашэнка, — піша Максім Самарукаў.
Усё вызначаецца іх унутранай палітыкай — а там па-ранейшаму няма ніякіх прычын для клопату.
Калі два гады таму падобны манэўр з папулісцкім разваротам на Захад паспрабаваў зрабіць прэзыдэнт Украіны Януковіч, Масква не пашкадавала ніякіх сіл на тое, каб спыніць украінскага лідэра. Але ў выпадку Лукашэнкі нічога падобнага не адбываецца. Крэмль не хвалююць ні візыты ў Беларусь дэлегацый НАТО, ні перамовы з МВФ, ні спроба заключыць пагадненьне з Эўразьвязам у рамках «Усходняга партнэрства». Расейскае кіраўніцтва як быццам не заўважае, што Лукашэнка павярнуўся ў процілеглы бок і фарсіравана збліжаецца з Захадам.
На самай справе ў Маскве, паводле даўняй савецкай традыцыі, выдатна разумеюць, што ў выпадку кіраўнікоў тыпу Лукашэнкі зьнешняя палітыка мае мала значэньня. Усё вызначаецца іх унутранай палітыкай — а там па-ранейшаму няма ніякіх прычын для клопату.
Не залежаць або квітнець
Вонкава посьпехі, якіх Лукашэнку атрымалася дамагчыся на заходнім напрамку, уражваюць. МВФ вядзе зь ім перамовы аб наданьні новага крэдыту на 3,5 млрд. даляраў, Эўразьвяз ужо адмяніў частку санкцый супраць беларускіх грамадзян і кампаній, а неўзабаве павінен адмяніць тыя, што засталіся. Далей Брусэль плянуе заключыць зь Беларусьсю спэцыяльнае пагадненьне аб супрацоўніцтве, якое не было б поўнамаштабнай асацыяцыяй, але вывела б іх адносіны на новы ўзровень. У верасьні ў Менск прыяжджаў намесьнік дзяржсакратара Патрык Кенэдзі — гаворка ішла пра тое, каб краіны зноў абмяняліся пасламі, а там, магчыма, дойдзе і да адмены амэрыканскіх санкцыяў, разважае намесьнік галоўнага рэдактара Маскоўскага Цэнтру Карнэгі.
Паралельна адносіны з Расеяй, наадварот, пагаршаюцца. Лукашэнка заўсёды хадзіў на выбары з адным і тым жа лёзунгам: «За моцную, квітнеючую Беларусь». Сёлета Лукашэнка змагаецца «за будучыню незалежнай Беларусі». Барацьба за незалежнасьць атрымала прыярытэт перад сілай і росквітам.
Іншых падказак, ад каго трэба абараняць беларускую незалежнасьць, таксама хапае. Напрыклад, візыты дэлегацый НАТО больш не нясуць пагрозы беларускаму сувэрэнітэту. Затое разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай авіябазы, перамовы аб якой вядуцца з 2013 году, — Лукашэнку «абурае і крыўдзіць».
Ва ўкраінскім крызысе Лукашэнка аддае перавагу нэўтралітэту, працягвае пастаўляць Украіне прадукцыю каляваеннага і падвойнага прызначэньня. Часу прыехаць на Парад Перамогі ў Маскву ў яго няма — гэта калі кожны прэзыдэнт быў на вагу золата. Затое ў яго міністра замежных спраў ёсьць час праводзіць асабістыя сустрэчы зь Міхаілам Саакашвілі, іранізуе Максім Самарукаў.
Тым ня менш, нягледзячы на стараньні Лукашэнкі падкрэсьліць сваё жаданьне адсунуцца ад Расеі, Масква ставіцца да ўсяго гэтага абсалютна спакойна. Па дзяржаўным тэлеканале не паказваюць «Хроснага бацьку», а на перамовах не ўздымаюцца пытаньні цаны на газ або нафтавых пошлін. Наадварот, у жніўні Лукашэнка атрымаў ад Расеі чарговы крэдыт на $760 млн.
Парады Чаўшэску
У такім падыходзе Масквы да манэўраў Лукашэнкі няма нічога новага. Ён быў адпрацаваны яшчэ ў савецкія часы на адносінах зь дзяржавамі — сатэлітамі СССР ва Усходняй Эўропе. Публічна ён не агучваўся, але па сутнасьці зводзіўся да наступнага: мы гатовыя стрываць вашы выкрутасы ў зьнешняй палітыцы; галоўнае, каб унутры ў вас быў жорсткі рэальны сацыялізм — тады мы за вас спакойныя.
Разумеў гэтае правіла Чаўшэску, які сябраваў з Кітаем, раскрытыкаваў інтэрвэнцыю ў Чэхаславаччыну, нават уступіў у МВФ. І пры гэтым адчуваў сябе ў поўнай бясьпецы, не баючыся ўводу ў Румынію савецкіх войскаў.
Нягледзячы на зьнешнепалітычную ляяльнасьць, унутрыпалітычная лібэралізацыя скончылася для Чэхаславаччыны савецкімі танкамі ўжо празь некалькі месяцаў пасьля пачатку.
А вось Дубчак гэтага правіла не разумеў — запэўніваў савецкае кіраўніцтва ў сваёй адданасьці, спадзяваўся, што калі паводзіць сябе асьцярожна ў зьнешняй палітыцы, то ва ўнутранай можна дазволіць сабе прагрэсіўныя рэформы. Але аказалася, што на справе ўсё наадварот. Нягледзячы на зьнешнепалітычную ляяльнасьць, унутрыпалітычная лібэралізацыя скончылася для Чэхаславаччыны савецкімі танкамі ўжо празь некалькі месяцаў пасьля пачатку.
У Маскве разумеюць, што каштоўнасны момант вельмі моцны ў дзеяньнях Захаду. Таму Лукашэнка ніколі ня зможа сур’ёзна зблізіцца з Захадам, пакуль унутры Беларусі яго рэжым застаецца ў тым выглядзе, як цяпер. А ніякі іншы выгляд не задаволіць ужо самога Лукашэнку. Тады навошта хвалявацца?
Рэформы лёгкія і часовыя
Захад вышуквае ў Беларусі сыгналы, каб зрабіць іх падставай для адмены санкцый. А ў рэальнасьці Лукашэнка ня робіць і намёку на гатоўнасьць да рэформаў — хоць у палітыцы, хоць у эканоміцы.
Усе разумеюць, што іх для таго і саджалі, каб потым амніставаць у выглядзе прагрэсіўнага кроку.
У Эўразьвязе кажуць пра важныя прагрэсіўныя крокі ў Беларусі — там каторы раз выпусьцілі з турмаў усіх палітвязьняў. Але ўсе разумеюць, што іх для таго і саджалі, каб потым амніставаць у выглядзе прагрэсіўнага кроку, і лічыць гэтую амністыю пачаткам палітычнай лібэралізацыі немагчыма.
Спробаў рэфармаваць зарэгуляваную і адзяржаўленую эканоміку Беларусі таксама няма. Сёлета беларускі ВУП, упершыню зь сярэдзіны 90-х, скароціцца на 3,5% −4%. Масква ўжо скараціла энэргетычныя субсыдыі для Беларусі. Плюс два найбуйнейшых рынкі для беларускіх тавараў — Расея і Ўкраіна — на якія прыпадае больш за палову беларускага экспарту, цяпер у цяжкім крызісе. Расія дае крэдыты, але іх недастаткова, даводзіцца прасіць у МВФ. А МВФ патрабуе эканоміі — вось Лукашэнка і робіць некаторыя жэсты, якія можна было б разглядаць як эканомію.
Гэтыя гульні ў лёгкую лібэралізацыю і ў палітыцы, і ў эканоміцы цяпер сталі магчымыя дзякуючы таму, што беларускае насельніцтва ў жаху сочыць за ўкраінскімі падзеямі і шчасьлівае, што ў Беларусі такога няма. Таму ў Лукашэнкі і атрымоўваецца пераабірацца на плятформе «незалежнасьці», а ня «росквіту». Але калі паралізуючы эфэкт украінскага крызісу стане слабець, і ў Беларусі ўзьнікне хаця б маленечкая пагроза асабістай уладзе Лукашэнкі, то ён тут жа скончыць з гульнямі ў лібэралізм і закруціць гайкі. Усё гэта ўжо было пасьля выбараў 2010 году: як толькі некалькі тысяч выйшла на вуліцы, ён зьняў лайкавыя пальчаткі, і адразу пайшлі масавыя арышты. За гэтым пасьледавалі санкцыі, ізаляцыя і поўная залежнасьць ад Масквы. Таму і цяпер Крамлю хвалявацца няма пра што, падсумоўвае Максім Самарукаў.