Захад не прызнаў беларускія выбары свабоднымі і справядлівымі. Ці пагаджаецеся вы з такой ацэнкай? Чаму? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Мужчына сярэдняга веку: «Выбары ў нас ужо даўно несправядлівыя і несвабодныя. Тыран ня можа быць справядлівым. Ну што казаць, калі ён ужо пры ўладзе 21 год... Ён скончыць, як Кадафі ў Лібіі скончыў...»
Малады хлопец: «Выбіраць не было каго, кандыдаты заслабыя. Кожнаму было дадзена права прагаласаваць, а вось як там падлічвалі гэтыя галасы — нам невядома, гэта закрытая інфармацыя».
Мужчына пэнсійнага веку: «Правільна Захад зрабіў, што прызнаў іх несвабоднымі і несправядлівымі. Таму што яны насамрэч такімі былі: ён цэлы час стракацеў у тэлебачаньні, а болей нікога туды не пускалі. Я наагул ніколі за яго не галасаваў і ніколі не пайду, паколькі чалавек, які ня мог кіраваць калгасам, ня можа кіраваць краінай».
Маладая жанчына: «Я прагаласавала супраць усіх. А выбары ў нас даўно несвабодныя і несправядлівыя, для мяне гэта ўжо трывалая ісьціна».
Малады мужчына: «Я ня ведаю, я аддаў свой голас за таго, за каго хацеў, для мяне ўсё было нармальна».
Мужчына пэнсійнага веку: «Я наагул не хадзіў на выбары. У нас у Беларусі нічога свабоднага няма».
Мужчына перадпэнсійнага веку: «Я Захад у гэтым падтрымліваю. Яны зрабілі нейкае пасьмешышча. Вось дзеля чаго ён лез, дзеля чаго гэтую жанчыну прыцягнуў і атамана? Сьмех. І правільна Захад кажа...»
Малады мужчына: «У нас так сыстэма збудаваная, што ўмовы няроўныя для кандыдатаў. Адзінае, што выбары мірна адбыліся, але па сутнасьці яны несвабодныя, несправядлівыя і сфальсыфікаваныя. Нам трэба ў першую чаргу рэфармаваць выбарчае заканадаўства».
Мужчына пэнсійнага веку: «Усё прайшло добра, хто як хацеў, так і прагаласаваў. І ніхто там нічога не фальсыфікаваў, бо навошта — народ абраў...»