Відэа кастынгу было апублікаванае яшчэ 25 верасьня, але рэакцыя на яго дасягнула піку ў сярэдзіне кастрычніка.
«Што пра сябе расказаць... Вучуся, танчу, пішу вершы. Танцы — галоўнае, прафэсійнае, можна сказаць, хобі», — пачала распавядаць пра сябе Наталка Белазёрава, студэнта зь Менска, на кастынгу на шоў «Танцуюць усе» ў Кіеве.
Тры ўкраінскія вядоўцы расплыліся ва ўсьмешках. Адзін зь вядоўцаў пачаў размаўляць зь дзяўчынай па-расейску, ды тая сказала, што яна разумее і па-ўкраінску. Падчас таго, як яна распавядала пра сябе, вядоўцы ня стрымлівалі сьмеху, рагаталі ўголас.
«Так файно це звучить», — адрэагаваў адзін вядоўца, які надалей размаўляў з канкурсанткай па-ўкраінску.
«Госпади, я ничего не понимаю! Пе-ра-да-ча?» — рэагавалі расейскамоўныя вядоўцы.
Пасьля нядоўгай размовы зь вядоўцамі Наталка выканала беларускі народны танец «Мітусь». Вядоўцы засталіся незадаволенымі ейным выступам: маўляў, падрыхтоўкі малавата для шоў. Але адзначылі: прыемна было, што да іх нарэшце даехаў беларускі калярыт, а беларуская мова была для іх адкрыцьцём.
Ва ўкраінскім інтэрнэце рэакцыю вядоўцаў на беларускую мову многія ўспрынялі як абразу, заклікалі ў тым ліку прынесьці прабачэньні дзяўчыне ад імя тэлеканалу. Наталцы выказваюць спачуваньні ў камэнтарах пад навінамі, відэа на Youtube і на яе асабістай старонцы на Facebook. Але некаторыя адзначаюць, што яна працягнула размаўляць на сваёй мове ў іншай краіне нават тады, калі ёй сказалі, што не разумеюць яе.
«...На судзьдзяў не крыўдую, бо я ведаю, што сапраўдныя ўкраінцы маюць гонар, і гэта вы яшчэ раз пацьвердзілі сваёй падтрымкай! Дзякуй вам! Слава Украіне!» — піша сама Наталка ў адказ на падтрымку.