ЗША павінны рашуча адказаць на дзеяньні Пуціна, — Гілары Клінтан

Кандыдаты ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі ЗША перад пачаткам дэбатаў. На фота (зьлева направа): Джым Уэб, Бэрні Сэндэрс, Гілары Клінтан, Марцін О'Малі, Лінкальн Шэйфі

Кандыдаты ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі лічаць, што ЗША павінны больш рашуча адказаць на зьнешнепалітычныя акцыі Расеі.

Уладзімер Пуцін павінен сустрэць больш рашучы адпор з боку Злучаных Штатаў у яго ўмяшаньні ў сырыйскі і ўкраінскі канфлікты, заявілі ў аўторак падчас дэбатаў кандыдаты Дэмакратычнай партыі ў прэзыдэнты.

«Мы павінны рашуча адказаць на ягоныя запалохваньні. Асабліва гэта тычыцца Сырыі, — заявіла вядучы кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. — Злучаныя Штаты павінны адназначна даць зразумець Пуціну, што прысутнасьць Расеі ў Сырыі і стварэньне хаосу, абстрэлы людзей ад імя рэжыму Асада — гэта непрымальна». Для таго, каб гэта ажыцьцявіць, Гілары Клінтан лічыць неабходным для Вашынгтона ўзяць на сябе больш актыўную ролю лідэра.

Сэнатар Бэрн Сэндэрс заявіў аб тым, што Ўладзімер Пуцін ужо шкадуе пра наступствы адрыньваньня Крыму і ўмяшаньня ў справы Ўкраіны. Яго сырыйскі дэмарш — гэта спроба зьберагчы рэпутацыю, лічыць Сэндэрс. «Але, калі расейцы пачнуць гінуць у Сырыі, калі ён угразьне ў Сырыі, я думаю, людзі дадуць яму ведаць, што, можа, неабходна сысьці адтуль і пачаць дзейнічаць сумесна з ЗША, каб палепшыць сытуацыю».

Разам з тым, ніхто зь пяці кандыдатаў-дэмакратаў, якія ўдзельнічалі ў дэбатах, не назваў Расею ў сьпісе галоўных пагрозаў бясьпецы ЗША. У гэты сьпіс трапіў Кітай, сусьветнае пацяпленьне, кібэратакі.