Марына Кацярыніч: я ня бачу нагоды, каб падымацца перад Лукашэнкам

Назіральніца Натальля Гарачка (зьлева), якая ня ўстала і не павітала Аляксандра Лукашэнку на выбарчым участку № 1. Фота: Сяргей Грыц

Назіральніца Марына Кацярыніч, таксама як і Натальля Гарачка, ня ўстала, калі Аляксандар Лукашэнка 11 кастрычніка перад галасаваньнем падышоў да сябраў камісіі і назіральнікаў на выбарчым участку № 1.

Толькі Марына, у адрозьненьне ад Натальлі, не патрапіла ў аб’ектыў журналіста агенцтва Associated Press Сяргея Грыца.

Сваё стаўленьне да выбараў і да Аляксандра Лукашэнкі Натальля Гарачка раней распавяла ў інтэрвію Свабодзе.

А сёньня карэспандэнт Свабоды пагутарыў і з назіральніцай Марынай Кацярыніч.

Марына Кацярыніч

Як распавяла сама Марына, яна ня лічыць, што зрабіла нейкі гераічны ўчынак — проста дзяўчына не лічыла неабходным падымацца перад Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле слоў Марыны, напярэдадні візыту Лукашэнкі, выбарчы ўчастак адпаведным чынам упрыгожылі, туды зьехаліся журналісты, а сябры выбарчай камісіі пачалі абмяркоўваць, як паводзіць сябе, калі прыйдзе прэзыдэнт:

Я не скажу, што я так зрабіла, каб прынізіць некага. Але я ня бачу нагоды для чаго б патрэба была падымацца.

«Перад гэтым старшыня камісіі падышоў да нас і сказаў, што зрэшты рабіце, як жадаеце: то бок, мужчыны павінны, хутчэй за ўсё, устаць, а жанчыны могуць не ўставаць. Адразу, як зьявіўся Лукашэнка, усе астатнія назіральнікі — і мужчыны, і жанчыны — імкліва паўскаквалі. Я лічу, што зрэшты я скарысталася сваім жаноцкім правам не ўставаць, тым больш, што перад гэтым жанчыны прыходзілі галасаваць, і мужчыны не ўставалі. Я лічу, што гэта нейкія перажыткі савецкага часу, а я заўсёды імкнуся неяк ад іх абстрагавацца. То бок, я не лічу, што зрабіла нейкі гераічны ўчынак. І я не скажу, што я так зрабіла, каб прынізіць некага. Але я ня бачу нагоды для чаго б патрэба была падымацца», — адзначыла Марына Кацярыніч.

Дзяўчына не заўважыла нейкай адметнай рэакцыі на свой учынак з боку Аляксандра Лукашэнкі:

«Ён проста прыхіліўся, і я яму таксама адказала — ну, прывіталася, атрымліваецца», — распавядае яна.

Паводле яе слоў, астатнія назіральнікі і сябры камісіі фактычна ніяк не адрэагавалі на дадзены інцыдэнт з удзелам незалежных назіральнікаў — прынамсі, зь імі на гэтую тэму ніхто ня гутарыў.

На канец выбараў я недалічылася да 700 чалавек.

«Мы (два незалежныя назіральнікі — РС) увогуле фактычна мала што абмяркоўвалі з астатнімі сябрамі камісіі, пераважна размаўлялі паміж сабой. Мы зь ёй (Натальлей Гарачкай — РС) разам вялі падлік галасоў, а калі неабходна было выйсьці, напрыклад, паабедаць, мы зь ёй чаргаваліся час ад часу, і менавіта зь ёй супрацоўнічалі», — распавяла Марына.

Яна кажа, што незалежныя назіральнікі на выбарчым участку № 1 заўважылі сур’ёзнае завышэньне яўкі:

«На канец выбараў я недалічылася да 700 чалавек. У тым сэнсе, што, паводле нашых падлікаў, за асноўны дзень галасаваньня прыйшлі 722 чалавекі на ўчастак, што склала прыблізна 51% за ўсе дні. А па выніках камісіі ў іх ужо на 14.00 быў 61%, у той час як у нас — толькі 17,44%. А потым выявілася, што не 722, а дзесьці 1400 выбарцаў прыйшлі, паводле афіцыйных дадзеных», — кажа Марына Кацярыніч.

Марына Кацярыніч канстатуе, што ў назіральнікаў фактычна не было магчымасьці назіраць за падлікам галасоў выбарцаў:

Нам фактычна не дазволілі назіраць. Нас пасадзілі за 4 мэтры, не было нічога бачна, за каго там ставілі гэтыя галачкі.

«Нам фактычна не дазволілі назіраць. Я так уяўляла, што калі ідзе падлік галасоў, то назіральнікі маюць права ўсё бачыць. Але нас пасадзілі за 4 мэтры, не было нічога бачна, за каго там ставілі гэтыя галачкі. Сябры камісіі самі вялі падлік галасоў, а потым абвесьцілі свой вынік».

Марына Кацярыніч запісалася ў назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, хаця сама не зьяўляецца сябрам ніводнай партыі.