У Асіповічах пяты год узводзяць будынак раённай бальніцы. Цяпер будоўля замарожаная. На яе няма сродкаў. Тым часам праз год у райцэнтры ўзьвядуць першы ў Магілёўскай вобласьці аквапарк. Грошы на яго выдзеліў расейскі «Газпром». Ініцыятарам будоўлі аквапарку сталі Асіповіцкі райвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам.
Недабудаваны корпус цэнтральнай раённай бальніцы стаіць на вуліцы Кастрычніцкай. Бэтонны шкілет лякарні абнесены драўляным плотам, які з двух бакоў падпёрты дошкамі. Каб ня гэтыя ўмацаваньні, агароджа даўно б завалілася.
Паводле жыхароў райцэнтру, старая бальніца — яна побач з той, якую ўзяліся будаваць, — ня можа забясьпечыць якаснага лекаваньня. Яна замалая для трыццацітысячнага гораду.
«Бальніца дужа патрэбная, але сродкаў не хапае. Я цэлы год ужо назіраю, і яна не будуецца», — зазначае жыхарка Асіповіч.
«Гэта ж раённая бальніца, і ня толькі для адных Асіповічаў, але для цэлага раёну. Тая бальніца, што ёсьць, дужа маленькая, — тлумачыць суразмоўніца. — Мой тата хварэў, дык яго з інсультам павезьлі ў раён, у пасёлак Дараганава. Перавозіць жа такіх хворых нельга. Месцаў у бальніцы не было. Хворых многа, а месцаў там не хапае».
Пра тое, што ў Асіповічах узводзяць для забаваў аквапарк, жанчына чула. Кажа: комплекс на другім канцы гораду. «Вядома ж, хацелася б, каб найперш глядзелі здароўе, а потым усё астатняе, — кажа яна. — Забавы — таксама добра, аднак калі ёсьць здароўе».
Наступны суразмоўца, пажылы мужчына, чуў пра ўзьвядзеньне аквапарку ў Асіповічах і выказваецца катэгарычна супраць. Ён заяўляе: найперш патрэбная бальніца:
«Бальніца патрэбная адназначна. У былой чыгуначнай бальніцы патрэбны капітальны рамонт, і лячэньне павінна быць лепшым, — лічыць ён. — А што гэты аквапарк? Яны грошы адмываюць на ім. У Асіповічах ён сябе ніколі не апраўдае. Як і тыя набудаваныя лядовыя палацы».
Пагутарыць з пэрсаналам і пацыентамі бальніцы не ўдалося. Гаварыць публічна лекары адмаўляліся. У прыватных гутарках неахвотна адзначалі: бальніца дужа неабходная. Калі ж здадуць новы яе будынак, невядома. Няма сродкаў.
Згодна з пашпартам аб’екта, бальніцу пачалі ўзводзіць у 2010 годзе. Дата завяршэньня будаўніцтва ў пашпарце не пазначаная.
Аквапарк будуюць на вуліцы Юбілейнай. Некалі тут была вайсковая часьць. Захаваліся казармы. Уваход у іх і вокны забітыя дошкамі.
Фізкультурна-аздараўляльны комплекс, як пазначана ў пашпарце аб’екта, маюць здаць у лістападзе 2016 году. Пляцоўка ахайна агароджаная і падрыхтаваная. Пачалі будоўлю пампэзна. Нават заклалі капсулу з пасланьнем да нашчадкаў. Сабралася кіраўніцтва вобласьці і раёну.
«Дужа прыемна, калі закладваеш капсулу з пасланьнем патомкам і пачынаецца будоўля яшчэ аднаго новага аб’екта. Мы бачым, як ідзе супрацоўніцтва органаў улады з прыватным капіталам. Фінансаваньне будзе ажыцьцяўляцца за кошт сродкаў кампаніі „Газпром трансгаз Беларусь“», — казаў у тэленавінах старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі ў сувязі з будаўніцтвам аквапарку ў Асіповічах.
Кіраўнік вобласьці згадаў і раённую бальніцу ў Асіповічах, зазначыўшы, што неўзабаве, калі знойдуцца грошы, гэтая будоўля адновіцца.
Непадалёк ад будаўнічай пляцоўкі аквапарку некалькі шматпавярховікаў. У мікрараёне адшукаў толькі адну краму. Не пабачыў ніводнага дзіцячага садка, хоць на вочы траплялася нямала мам з малымі дзецьмі.
«Вядома ж, усе Асіповічы будуць за аквапарк, бо ў нас толькі адзін басэйн у горадзе, і ён невялікі. У аквапарк жа будуць хадзіць і дарослыя, і дзеці, — выказвае меркаваньне жыхарка мікрараёну. — Калі ж казаць пра наш раён, то, вядома, тут не хапае дзіцячых садкоў. Раён новы. Нямала шматдзетных сямей, таму ў садку няма месцаў. Гэта праблема. Патрэбныя тут і крамы».
«Прасьцей жа пабудаваць дом і за яго ўзяць грошы, чым тую ж бальніцу ці садок, — далучаецца да гутаркі муж суразмоўніцы. — І бальніца патрэбная, і аквапарк. Куды тут схадзіць, у гэтых Асіповічах? Але бальніца патрэбная. Я неяк ляжаў у ёй. Там вечна месцаў няма».
Некаторыя жыхары мікрараёну ходзяць аглядаць месца, дзе праз год, як абяцаюць, паўстане першы ў вобласьці аквапарк.
«Бальніца, вядома ж патрэбна. Той будынак бальнічны не назавеш бальніцай. Трэба было дабудаваць бальніцу, а потым брацца за гэты комплекс. Калі ня будзе здароўя, у яго ніхто ня будзе хадзіць», — выказвае думку яшчэ адна жыхарка асіповіцкага мікрараёну.