«Ці давяраеце вы афіцыйным вынікам выбараў, абвешчаным уладамі? Ці верыце, што галасы людзей падлічылі сумленна? Чаму так лічыце?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Your browser doesn’t support HTML5
Мужчына ва ўзросьце: «На семдзесят пяць адсоткаў давяраю, і ня больш».
Назіральніца: «Несправядліва. Першы раз назірала — і ў мяне быў шок. Лічылі, можна сказаць, па галовах — датэрмінова і ў асноўны дзень. І шэсьцьсот чалавек не заўважылі. Яны прабеглі паўз нас, а мы не заўважылі».
Малады бацька: «Афіцыйныя ж вынікі яшчэ не называлі. Напэўна ж, складана штосьці зрабіць, бо былі назіральнікі зь іншых краінаў».
Працаўніца: «Ня чула афіцыйных вынікаў. Была на працы, ня ведаю».
Мужчына сярэдніх гадоў: «Не лічу, што сумленна. Пытаўся ў людзей, у асноўным ні за кога — закрэсьлівалі ўсіх. Пяцьдзясят на пяцьдзясят давяраю».
Пэнсіянэрка: «Я, напрыклад, давяраю. Навошта падманваць? Кожны ж ведае, за каго галасуе. Мне так падаецца».
Пэнсіянэр: «Думаю, што мала падманваюць. Урэшце, павінны хоць калісьці праўду казаць».
Назіральніца сталага ўзросту: «Ні ў якім разе не давяраю. Пераканаліся, што гэта няпраўда. Ні на хвіліну не сыходзілі з участку, вялі акуратна падлік, а ў выніку атрымалася, што мы не заўважылі даволі вялікую колькасьць выбарцаў, якія нібыта прыйшлі на выбары. Актыўнасьць сёлетніх выбараў больш сьціплая, чым на папярэдніх. Выбары сфальшаваныя, лічбы былі запраграмаваныя».
Студэнт: «Падтасаваць цалкам маглі, бо ў нас могуць быць несумленныя выбары. Гэта ніякі не сакрэт — так лічыць большасьць народу Беларусі. І ня толькі. Людзі ня хочуць дзейнага прэзыдэнта, але ж, наколькі я ведаю, людзей прымушаюць галасаваць за... ня будзем называць прозьвішча».
Маладая жанчына: «Не, не падтасоўвалі. Думаю, што ўсе разумеюць сытуацыю ў Беларусі. З Украінай гэта таксама зьвязана. Думаю, што ўсё законна, не падтасавана».
Былая настаўніца: «Жартуеце ці сьмеяцеся зь мяне? Трэба ж дагадзіць галоўнаму вось і дагаджаюць. Як хацелі, так і рабілі».