Сёньняшняе рашэньне Рады ЭЗ аб прыпыненьні на 4 месяцы санкцыяў адносна Беларусі мы папрасілі пракамэнтаваць экс-кандыдата ў прэзыдэнты Тацяну Караткевіч. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.
Караткевіч: Гэта крок насустрач Беларусі. У маёй праграме было запісана, што мы выступаем за разьвіцьцё стасункаў з Эўразьвязам. Улада сёньня паказала, што яна гатовая да камунікацыі з Эўразьвязам, каб гэтыя стасункі прывялі да мірных пераменаў.
А з боку Эўропы хацелася б, каб захавалася палітыка «двух трэкаў» — стасункі з уладай і стасункі з грамадзянскай супольнасьцю і палітычнымі дэмакратычнымі арганізацыямі.
Прыпыненьне санкцыяў на 4 месяцы — гэта шанец, і я лічу, што яго трэба выкарыстаць.
РС: Вы сказалі пра камунікацыю. Але вось з вамі, так здаецца, камунікацыя ва ўлады не наладзілася — вы аспрэчваеце вынікі выбараў, якія ўлада абвясьціла.
Караткевіч: Я мела на ўвазе камунікацыю ўлады з Эўразьвязам, інтэнсіўны дыпляматычны дыялёг апошніх месяцаў. А мае камунікацыі з уладай якія былі, такія і засталіся — паралельныя.
РС: Частка апазыцыі лічыць, што ЭЗ прыняў кепскае рашэньне, што ЭЗ гэтым рашэньнем ускладняе барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі, маўляў, дэмакратыя — гэта для нас, а для вас, беларусаў — Лукашэнка. Вы нязгодная з такім поглядам?
Караткевіч: Я якраз той чалавек, які дэмакратычна змагаўся за ўладу, за перамогу. Умовы былі няроўныя, але я са свайго боку зрабіла ўсё, што магчыма. І я сёньня бачу, як патрэбныя Беларусі мірныя перамены. Для іх нам непатрэбныя санкцыі.
Аднак вельмі не хацелася б, каб Эўропа скарыстала гэтыя адчыненыя дзьверы для таго, каб супрацоўнічаць толькі з уладай. Толькі разьвітая грамадзянская супольнасьць можа гарантаваць дэмакратычную будучыню Беларусі.
РС: Ну вось вам як палітыку гэтае рашэньне пашкодзіць ці паспрыяе?
Караткевіч: Для мяне будзе добра ўсё, што будзе добра для Беларусі, для беларусаў. А калі гэтая мера будзе правільна выкарыстаная, то яна будзе добрай для Беларусі і беларусаў.