«Ёсьць рашэньне прыпыніць дзеяньне абмежавальных захадаў на бліжэйшыя 4 месяцы», - сказаў француcкі службовец пасьля сустрэчы ў Люксэмбургу міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу.
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі, адпаведныя рашэньні будуць юрыдычна аформленыя ў канцы кастрычніка, і санкцыі маюць быць прыпыненыя на 4 месяцы пачынаючы ад 1 лістапада.
Паводле наяўнай інфармацыі, прыпыненьне забаронных захадаў датычыць толькі чорнага сьпісу юрыдычных і фізычных асобаў, тым часам як эмбарга, датычнае ўзбраеньня, застанецца ў сіле.
«Санкцыі могуць быць зноў уведзеныя ў дзеяньне ў любы момант, калі гэта будзе апраўдана, — сказаў Дэзір. — Прынятае рашэньне дазваляе адначасова захаваць рэжым санкцыяў супраць Беларусі, але прыпыніць іх дзеяньне з мэтай спрыяньня захаваньню дэмакратыі і правоў чалавека».
Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, аднак, скрытыкаваў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія, на ягоную думку, «не адпавядалі прынятым намі стандартам».
«ЭЗ імкнецца наблізіць да сябе Беларусь — не для прыёму ў ЭЗ, але як партнэра для стабілізацыі рэгіёну. Для гэтага санкцыі (ў дачыненьні да Менску) — прынамсі часова — будуць прыпыненыя», — заявіла ў сваю чаргу сёньня кіраўніца МЗС Харватыі Весна Пусіч.
У сваю чаргу, прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Мая Качыянчыч сказала БелаПАН, што Эўразьвяз пакуль афіцыйна ня вырашыў лёс санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.
На пытаньне, ці сапраўды ёсьць рашэньне аб прыпыненьні санкцыяў, Качыянчыч адказала: «Не. Рашэньне пра будучыню абмежавальных мер у дачыненьні да Беларусі павінна быць прынята да канца кастрычніка».
Яна адзначыла, што беларуская тэма не абмяркоўвалася на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краінаў ЭЗ 12 кастрычніка, аднак вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні згадала пра прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, выступаючы перад міністрамі напачатку пасяджэньня.
Санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі ўключаюць чорны сьпіс прыблізна з 150 асобаў, у тым ліку прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю супольнасьці і фінансавыя актывы якіх у эўрапейскіх банках падлягаюць замарожваньню. Санкцыі таксама прадугледжваюць зброевае эмбарга і забарону на пастаўкі ў Беларусь паліцэйскага абсталяваньня і тэхнікі падвойнага прызначэньня, якая можа быць выкарыстаная для «ўнутраных рэпрэсій».