Інаўгурацыя Лукашэнкі пройдзе не пазьней, чым праз два месяцы

Першая інаўгурацыя Лукашэнкі ў 1994 годзе, архіўнае фота

Канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў маюць падвесьці 16 кастрычніка.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, што канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ЦВК мае падвесьці 16 кастрычніка.


Паводле папярэдніх вынікаў, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 83,49% выбарцаў, супраць усіх — 6,4%, за Тацяну Караткевіч — 4,42%, за Сяргея Гайдукевіча — 3,32%, за Мікалая Ўлаховіча — 1,67%. Агулам па афіцыйных зьвестках прагаласавала 86,75% выбарцаў, зь іх датэрмінова — 36,05%.


Па словах Ярмошынай, адпаведна Канстытуцыі інаўгурацыя новага прэзыдэнта мае адбыцца не пазьней, чым праз два месяцы па дні выбараў. Пытаньнямі інаўгурацыі займаецца адміністрацыя прэзыдэнта, канкрэтнае рашэньне пра дату будзе прынятае пазьней.


Інаўгурацыя Лукашэнкі пасьля выбараў 2010 года, што прайшлі 19 сьнежня, прайшла праз 33 дні: 21 студзеня наступнага года. У 2006 годзе інаўгурацыя адбылася праз 20 дзён, у 2001-м — празь 10 дзён, у 1994-м — празь 9 дзён. У сярэднім ад выбараў да інаўгурацыі праходзіла 18 дзён.