Вынікі беларускага датэрміновага галасаваньня зьдзівілі Чурава

Старшыня ЦВК РФ Уладзімер Чураў. Фота: Арцём Каратаеў/ТАСС

У эфіры беларускага тэлеканалу АНТ Уладзімер Чураў, які быў назіральнікам на беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах, заявіў, што ня мае прэтэнзіяў да датэрміновага галасаваньня ў Беларусі.

Тым ня меней на вынікі датэрміновага галасаваньня старшыня расейскага Цэнтравыбаркаму Ўладзімер Чураў зьвярнуў асаблівую ўвагу:

"Мы спэцыяльна цікавіліся гэтым пытаньнем, паколькі лічбы датэрміновага галасаваньня ў Беларусі параўнальныя з вынікамі на выбарах 2012 году прэзыдэнта ЗША і моцна перавышаюць лічбы, да прыкладу, у Расеі, – заўважыў Чураў. – Я лічу, што датэрміновае галасаваньне праводзіць трэба, проста ўсім назіральнікам і кандыдатам трэба не ленавацца і кантраляваць гэты працэс ад першай і да апошняй хвіліны. Пры гэтым выбаршчык – галоўны чалавек на выбарах, важнейшы і за кандыдатаў, і за назіральнікаў, і ўсё павінна быць зроблена дзеля ягонай выгоды".

Старшыня расейскага ЦВК заявіў, што цягам усіх пяці дзён яго назіраньняў на ўсіх выбарчых участках падчас датэрміновага галасаваньня прысутнічалі і незалежныя назіральнікі – іхнія падлікі супалі з афіцыйнымі вынікамі. На ўчастках, якія ён наведаў, працэс быў арганізаваны ў поўнай адпаведнасьці з законам Беларусі, дадаў Чураў.