У студыі Радыё Свабода кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах-2010 Мікола Статкевіч пракамэнтаваў вынікі Тацяны Караткевіч на выбарах-2015.
Паводле афіцыйных экзыт-полаў, Тацяна Караткевіч атрымала 5,6%, што дае ёй трэцяе месца пасьля Лукашэнкі (80,3%) і пункту «супраць усіх» (7,09%).
«Я ўжо казаў пра тое, што гэта ня выбары. І колькі каму даць адсоткаў — гэта вырашае сам Лукашэнка. Тое, што кандыдату, які нібыта прэзэнтаваў на гэтых выбарах апазыцыю, далі такі малы адсотак, гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што Лукашэнка не прызнае ніякай канструктыўнай апазыцыі. Для яго або ты на каленях, або вораг. Спробы пагуляць у нейкую трэцюю сілу ніякіх посьпехаў у гэтай краіне мець ня будуць. Гэта ўжо было неаднаразова.
Колькі разоў спрабавалі стварыць гэтую трэцюю сілу, і ўлада сама стварае, пакарысталася і выкідвае. Вось зараз пакарысталіся гэтым праектам для таго, каб прыцягнуць людзей на выбары, пакарысталіся і выкінулі.
Ім (кампаніі „Гавары праўду“ і яе кандыдату Караткевіч. — РС) не дадуць 5%, ім дадуць меней яшчэ. Гэта рэальна. Я так разумею, ім не дадуць і другога месца. Спачатку яны паказалі беларускаму народу, хто яны ёсьць, цяпер Лукашэнка паказаў іх сапраўднае месца.
Я ня буду нічога казаць наконт будучыні гэтай кампаніі і наагул зьвяртацца да яе, бо гэтай кампаніяй кіруе чалавек, які ў маіх вачах абсалютна сябе дыскрэдытаваў, таму і зь ягонай кандыдаткай мне было ўсё абсалютна зразумела. Што хацелі — тое атрымалі».