Кіраўнік МЗС Літвы: Беларусы баяцца перамен

Лінас Лінкявічус

Жыхары Беларусі баяцца перамен, таму на выбарах абіраюць стабільнасьць — заявіў кіраўнік літоўскай дыпляматыі Лінас Лінкявічус, ацэньваючы прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

«Людзі баяцца перамен, выбіраюць мінімальны ўзровень жыцьця, тое, што маюць, бо ня ведаюць, ці будзе лепей», — сказаў Лінас Лінкявічус у інтэрвію літоўскаму грамадзкаму радыё.

Міністар замежных спраў Літвы адзначыў таксама пазытыўныя зьмены ў Беларусі. Паводле яго, «хоць гэтая краіна застаецца залежнай ад Расеі, але стараецца захаваць раўнавагу ў дачыненьнях з Захадам».

«Мы ня можам недаацэньваць такіх фактаў, што Беларусь не прызнала анэксіі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі; не падтрымала таго, што здарылася ў Крыме, не далучылася да санкцыяў, якія Расея ўжыла ў адносінах да нас», — сказаў Лінкявічус.

«Там не ідэальна, але пазытыўныя зьмены ёсьць», — адзначыў міністар.

Некалькі дзён раней кіраўнік літоўскай дыпляматыі падтрымаў ідэю скасаваньня санкцыяў ЭЗ адносна прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і выказаў меркаваньне, што «гэта не нармальна», што адносна Беларусі ўжываюцца большыя санкцыі, чым адносна Расеі.

***

11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся а 8 гадзіне раніцы і будуць працаваць да 20 гадзіны.

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.

За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.

У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі — больш за 5,7 тысяч.

Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні ўзялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпіс выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш як палова грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў. Гэта больш, чым на ўсіх ранейшых прэзыдэнцкіх кампаніях з датэрміновым галасаваньнем — 2001, 2006 і 2010 гадоў.