«Прэзыдэнт у нашай краіне займаецца многімі пытаньнямі — ад бясьпекі да эканомікі, якія чалавек у спадніцы пакуль, напэўна, ня зможа выконваць», — сказаў Лукашэнка падчас размовы з журналістамі на выбарчым участку. У іншай краіне гэткая заява публічнага чалавека выклікала б хвалю абурэньня, найперш сярод жанчын. Фэмінісцкія ці жаночыя арганізацыі пацягнулі б такога дзеяча ў суд. І ўвогуле, такі палітык страціў бы жаночыя галасы на любых наступных выбарах і вымушаны быў бы пакінуць палітычнае жыцьцё.
Прычым, нават спрабуючы рабіць камплімэнт, ён не разумее, што абражае жанчыну. На яго думку, Караткевіч — «цалкам нармальны, разумны чалавек». Калі дакладна, то Лукашэнка назваў сваю канкурэнтку «вменяемый». Гэтае слова азначае, што чалавек здольны дзейнічаць сьвядома і несьці адказнасьць за свае ўчынкі. Дык вось, аказваецца, і жанчына ў палітыцы можа быць нармальнай, адэкватнай і несьці адказнасьць за свае ўчынкі! У тым сэнсе, што якіх дзіваў не бывае ў нашым жыцьці. Ці варта беларускім жанчынам ганарыцца такой пахвалой?