На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода наконт працэнту выбарцаў, на які разьлічвае Мікалай Улаховіч, ён адказаў:
«Працэнты мяне істотна не хвалююць, мяркую, яны будуць прыкладна як у маіх канкурэнтаў, але нехта ўсё роўна будзе першы. Я ўжо перамог тым, што паказаў сваю партыю, паказаў беларускае казацтва».
За каго галасаваў Мікалай Улаховіч, журналістам ён не сказаў. Кандыдат на прэзыдэнта паведаміў, што перад выбарчай кампаніяй сумняваўся ў сабе, ці варта было яму вылучацца, але цяпер у яго такіх сумненьняў няма.
Your browser doesn’t support HTML5
Вось яшчэ некалькі цытат з інтэрвію Мікалая Ўлаховіча.
«Мы дасягнулі выніку. Няма плошчы, няма Крыму... Крыку і гаму. А потым буду працаваць на парлямэнцкія выбары».
«Выбары — для мяне істотнае сьвята. Ня кожнаму выпадае шанец стаць кандыдатам на прэзыдэнта. Я вярнуўся ў палітыку праз гады і, магчыма, ужо не выйду ніколі».
На 54 участку, дзе галасаваў Мікалай Улаховіч, з 1840 выбарцаў датэрмінова прагаласавалі 69%. Чаму так шмат, калі па краіне, паводле Цэнтравыбаркаму, прагаласавала 36%? «Тут жа жывуць у асноўным студэнты. Разумею іх настрой — хутка-хутка паехаць дадому, таму гэта не паказчык. Адносна паказчыка ў 36% датэрміновага галасаваньня — а ў ЗША 40%. Якая розьніца? Пытаньне ў тым, што мы выйгралі ў адным — што гэта першыя выбары, дзе ўсё было спакойна. Нават учора, калі былі пэўныя падзеі, людзі сядзелі ў кавярнях, спакойна глядзелі, ніхто нікуды не выбягае. Гэта мяне больш за ўсё задавальняе — мір і стабільнасьць. Нам трэба перажыць эканамічны крызіс. Я ўсім кажу, што праз 2 гады пачнецца пад’ём».
Паводле Мікалая Ўлаховіча, на выбарах пераможа Аляксандар Лукашэнка, якому «няма роўных».
Пра беларускую мову Мікалай Улаховіч сказаў, што вучыўся ў беларускай школе да 5 кляса і добра ёй валодаў, але цяпер «падзабыў». Выказацца па-беларуску кандыдат на прэзыдэнта адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ня хоча памыляцца.
Пасьля заканчэньня выбараў Мікалай Улаховіч мае намер наведаць Цэнтравыбаркам, а потым будзе чакаць вынікаў выбараў у сваім штабе. У панядзелак, 12 кастрычніка, спадар Улаховіч паедзе ў Расею, у Растоў-на-Доне, дзе пройдзе Ўсясьветны кангрэс казакоў.