Калякін хацеў галасаваць супраць усіх, але перадумаў

Сяргей Калякін

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін вырашыў не хадзіць на выбары, ён будзе каардынаваць назіральнікаў.

«Я як адзін з двух каардынатараў кампаніі „За свабодныя выбары“ сёньня цэлы дзень займаюся камунікацыяй з рэгіянальнымі мэнэджэрамі кампаніі. Рыхтуем фінальную справаздачу, якую прэзэнтуем ужо 12 кастрычніка а 9.00. Сёньня, у асноўны дзень галасаваньня, у кампаніі задзейнічана больш за дзьве з паловай тысячы назіральнікаў».

«Сам я пакуль не хачу галасаваць. У мяне было жаданьне пайсьці прагаласаваць супраць усіх. Але, паглядзеўшы на тое, што адбываецца, вырашыў не хадзіць», — сказаў Свабодзе Сяргей Калякін.

11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся а 8 гадзіне раніцы і будуць працаваць да 20 гадзіны.

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.

За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 замежных назіральнікаў.

У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі — больш за 5,7 тысячы чалавек.

Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні ўзялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпіс выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш за палову грамадзян Беларусі, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні.

Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю ў параўнаньні з усімі папярэднімі прэзыдэнцкімі кампаніямі 2001, 2006 і 2010 гадоў.