Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік перадвыбарнага штабу Тацяны Караткевіч, у відэаінтэрвію БелаПАН сказаў, што штаб Тацяны Караткевіч не заклікае на вулічную акцыю пратэсту пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў:
«Сёньня няма магчымасьці правесьці вулічныя пратэсты так, каб гарантаваць бясьпеку для іх удзельнікаў. Таму мы туды не заклікаем».
Дзьмітрыеў сказаў, што пасьля таго як прагаласуе, будзе знаходзіцца ў штабе, каб аналізаваць зьвесткі ад назіральнікаў:
«Пасьля я праедуся па ўчастках, дзе нашы назіральнікі мелі канфлікты зь сябрамі выбарчых камісіяў. Вечарам у штабе Тацяны Караткевіч будзем чакаць абвяшчэньня вынікаў ЦВК. Мы будзем зьбірацца ўсёй камандай, каб вырашаць, як і што рабіць далей».
11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся ў 8 гадзін раніцы і будуць працаваць да 20 гадзін.
На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.
За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.
У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі — больш за 5,7 тысяч чалавек.
Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні прынялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпісы выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш за палову грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.
Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю ў параўнаньні з усімі папярэднімі прэзыдэнцкімі кампаніямі 2001, 2006 і 2010 гадоў.