Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сёньня раніцай пракамэнтавала журналістам высокую яўку выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасаваньня.
«Апытаньні, якія вяліся напярэдадні выбараў, паказвалі, што больш за 80 працэнтаў выбаршчыкаў гатовыя прыйсьці на ўчасткі і апусьціць свае бюлетэні ў скрыні. Таму такі высокі працэнт удзельнікаў датэрміновага галасаваньня выглядае абсалютна нармальна. Я разумею так: палова з тых, хто мае намер прагаласаваць, ужо гэта зрабілі», — сказала Ярмошына.
На 20 гадзіну 10 кастрычніка датэрмінова прагаласавалі 36,05% ад зарэгістраваных выбарцаў у Беларусі, паведамляецца на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Што тычыцца зьвестак за першыя дзьве гадзіны асноўнага дня галасаваньня, то яны вядомыя толькі па Берасьцейскай вобласьці — там за 2 гадзіны прагаласавалі 1,4% выбаршчыкаў.